Рэкордныя 14 000 удзельнікаў спаборнічаюць сёння ў 35-м Забегу Варшаўскага паўстання. Гэта частка ўшанавання падзей 1 жніўня 1944 года. Упершыню ў гісторыі маршрут праходзіць праз Варшаўскую цытадэль, побач з Музеем гісторыі Польшчы і Катынскім музеем. Дырэктар Фонду Варшаўскага марафону Магдалена Скроцка (Magdalena Skrocka) падкрэслівае, што сённяшні забег — гэта не толькі спорт і памяць, але і рэальная дапамога.
— Дзякуючы акцыі “Я бегаю для героя” мы яднаемся, каб дапамагаць паўстанцам, захаваць памяць пра гісторыю, пра падзеі ’44 года. У гэтым годзе сродкі, якія ўдасца сабраць падчас мерапрыемства, будуць прызначаныя на стварэнне аўдыё- і відэаархіваў з успамінамі сведкаў тых падзей.
Удзельнікі будуць спаборнічаць у забегу на 5 кіламетраў або 10 кіламетраў. Яшчэ можна зарэгістравацца на віртуальны забег, - дадае Магдалена Скроцка.
— Спісы ўдзельнікаў ужо запоўнены, але мы запрашаем удзельнічаць у віртуальным забегу — можна бегчы 5 або 10 кіламетраў у кожным месцы на свеце. І такім чынам ушанаваць памяць удзельнікаў Варшаўскага паўстання.
Забег на 5 кіламетраў пачнецца а 20:15, а на 10 кіламетраў — а 21:15.
Галоўныя ўрачыстасці адзначэння 82-ай гадавіны паўстання жыхароў Варшавы супраць нямецкіх акупантаў адбудуцца ў суботу, 1 жніўня.
IAR/нг