Польшча накіравала ў Іспанію 105 пажарных для дапамогі ў тушэнні маштабных лясных пажараў, якія ахапілі раён Мадрыда і суседняй правінцыі Авіла. Місія арганізаваная ў рамках Механізму грамадзянскай абароны Еўрапейскага Саюза і будзе доўжыцца з 1 да 30 жніўня.
У Іспанію адправяцца спецыялісты модуля Ground Forest Fire Fighting з сямі польскіх ваяводстваў. Яны будуць працаваць трыма зменамі па 35 чалавек, спецыялізуюцца на тушэнні пажараў у цяжкадаступнай мясцовасці з выкарыстаннем ручнога абсталявання.
Паводле іспанскіх уладаў, пажары каля Мадрыда дасягнулі маштабаў, якія ўжо перавышаюць магчымасці мясцовых службаў. З-за стыхіі эвакуявалі дзясяткі тысяч чалавек, а ўрад увёў надзвычайнае становішча. Раней дапамогу Іспаніі таксама накіравалі Грэцыя і Італія.
iar/эж