Рашэнне ЗША аб вытворчасці ў Польшчы ракет для амерыканскіх сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot можа быць прынятае на працягу аднаго-двух месяцаў. Пра гэта заявіла намесніца міністра абароны Польшчы Магдалена Сабковяк-Чарнэцкая.
Паводле яе, Варшава ўжо вядзе перамовы з амерыканскім бокам пра перанос вытворчасці ракет у Польшчу альбо стварэнне тут сэрвіснага цэнтра. Цяпер у выпадку няспраўнасці абсталяванне даводзіцца адпраўляць для рамонту ў ЗША. Намесніца міністра адзначыла, што Польшча канкуруе ў гэтым праекце з ФРГ, а канчатковае рашэнне павінна быць прынятае да канца года.
У канцы ліпеня Сабковяк-Чарнэцкая падчас візіту ў ЗША прапанавала арганізаваць вытворчасць ракет для ЗРК Patriot у супрацоўніцтве з амерыканскімі і ўкраінскімі прадпрыемствамі.
Палітык таксама заявіла, што Польшча пакуль не прыняла рашэння аб перадачы Украіне ракет для Patriot. Паводле яе слоў, галоўным крытэрам застаецца бяспека палякаў.
PolskieRadio24.pl/эж