У польскіх школах плануюць істотна ўзмацніць меры бяспекі пасля інцыдэнтаў з выкарыстаннем небяспечных прадметаў. Пра гэта заявіла міністр нацыянальнай адукацыі Польшчы Барбара Навацка (Barbara Nowacka). Міністэрства рыхтуе пакет зменаў паводле прынцыпу нулявой цярпімасці да пагроз вучням і настаўнікам.
Адна з галоўных прапановаў — даць дырэктарам школ і ўпаўнаважаным супрацоўнікам права правяраць вучнёўскія заплечнікі і забіраць небяспечныя прадметы. Да гэтага часу такія паўнамоцтвы мелі выключна функцыянеры сілавых структур, настаўнікі пракантраляваць заплечнік вучня не мелі права, сказала міністр Навацка:
— Настаўнікі і дырэктары павінны мець магчымасць прымаць меры і ўмешвацца, калі лічаць гэта мэтазгодным. Напрыклад, змогуць выняць з заплечніка вучня прадмет, які можа лічыцца небяспечным, што павысіць бяспеку.
Школы таксама павінны будуць дакладна вызначыць правілы допуску старонніх асоб на сваю тэрыторыю.
Акрамя таго, улады плануюць выдзеліць 47 мільёнаў злотых на навучанне 7,5 тысяч дырэктараў дзеянням у крызісных сітуацыях. Школы абавяжуць праводзіць не менш за дзве практычныя трэніроўкі штогод, у тым ліку па эвакуацыі і пошуку бяспечнага месца.
Міністэрства таксама хоча гарантаваць псіхалагічную падтрымку настаўнікам і ўзмацніць прававую абарону настаўнікаў, у тым ліку па-за школай і ў непрацоўны час.
Пры гэтым Мінадукацыі выключае вяртанне да дыстанцыйнага навучання з прычыны пагроз бяспецы. Паводле міністра, школа павінна заставацца бяспечным месцам, дзе дзеці могуць вучыцца і мець зносіны.
яс