16-гадовы грамадзянін Расіі быў арыштаваны пасля таго, як пагражаў масавым забойствам вучням і адміністрацыі школы ў варшаўскім раёне Урсынаў (Ursynów). Па рашэнні сямейнага суда, падлетак быў змешчаны ў Цэнтр выхавання моладзі на тры месяцы.
Згодна з заявай паліцыі, адміністрацыя школы паведаміла паліцыянтам пра трывожныя паводзіны вучня, заявіла Марта Габэрска (Marta Haberska) з Раённай камендатуры паліцыі Варшава ІІ.
— У адказ на паведамленне адміністрацыі школы функцыянеры неадкладна прынялі адпаведныя меры. У тым ліку яны канфіскавалі тэлефон падлетка, у якім знайшлі кантэнт, які прасоўвае фашызм. У сувязі з узростам падлетка справа была накіравана ў сямейны суд, — заявіла Марта Габэрска.
Паводле паліцыі, 16-гадовы падлетак пагражаў сваім аднакласнікам і адміністрацыі школы забойствам вялікай колькасці людзей. Ён таксама апублікаваў у сацсетках свае фотаздымкі з нажом і прадметамі, падобнымі на зброю.
Матэрыялы, сабраныя паліцыяй, тычацца пагроз і кантэнту, знойдзенага ў тэлефоне. Расследаванне таксама ўключае падазрэнні ў здзяйсненні злачынства сэксуальнага характару.
IAR/аз