Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Пратэсты ў дэмакратычнай краіне — так, але яны не павінны ўскладняць жыццё жыхароў — палітыкі

27.11.2026 09:40
Мэр Варшавы адмовіўся падоўжыць дазвол на правядзенне пратэсту перад будынкам Канстытуцыйнага суда, пратэстоўцы абскардзілі гэтае рашэнне, і суд стаў на іх бок.
Аўдыё

Працяглыя акцыі пратэсту ў адным і тым жа месцы не павінны парушаць нармальны рытм жыцця гараджан, лічыць намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Павел Залеўскі (Paweł Zalewski).

У эфіры Трэцяй праграмы Польскага радыё палітык пракаментаваў рашэнне суда, які адмяніў забарону на падаўжэнне акцыі пратэсту паплечнікаў апазіцыйных правых сіл перад будынкам Канстытуцыйнага суда ў Варшаве:

— У васьмідзясятыя гады я змагаўся за тое, каб кожны мог удзельнічаць у дэманстрацыях, таму, безумоўна, не буду выступаць супраць розных дэманстрацый, якія адбываюцца. Яны з’яўляюцца часткай дэмакратыі. Аднак, калі яны набываюць пастаянны характар, то, на маю думку, іх трэба арганізоўваць такім чынам, каб не ўскладняць жыццё жыхароў горада.

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі абвясціў, што будзе абскарджваць рашэнне суда.

— Гаворка ідзе пра жыхароў і экстранныя службы, якім неабходна праязджаць па алеі Шуха. Свабода сходаў — так. Блакаванне вуліцы больш за месяц — не, — напісаў мэр польскай сталіцы ў сацыяльных сетках.

Арганізатары дэманстрацыі дамагаюцца падаўжэння дазволу на правядзенне акцыі да 5 студзеня.

Пратэстоўцы дэманструюць сваю нязгоду з незаконнымі, паводле іх, зменамі ў працы Канстытуцыйнага суда

IAR/яс