Беларуская Служба

Сотні чалавек эвакуяваныя пасля сутыкненняў на мяжы Кыргызстана і Таджыкістана

23.07.2019 13:39
Працягласць мяжы паміж дзвюма краінамі складае больш за 970 кіламетраў, аднак з іх апісаны крыху менш за 600. 
.
.PAP/EPA/IGOR KOVALENKO

Больш за 300 чалавек былі эвакуяваныя з кіргізскай вёскі Аксай пасля сутыкненняў на мяжы паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам. 55 чалавек размешчаныя ў сем'ях, а яшчэ 260 – у часовых лагерах у кіргізскім горадзе Баткен, перадае арганізацыя «Чырвоны паўмесяц» на сваёй старонцы ў сацсетцы Facebook у аўторак, 23 ліпеня.

Паводле дадзеных «Чырвонага паўмесяца», эвакуяваным перададзеныя намёты, прадукты, вада і адзенне. Большасць з іх – жанчыны і дзеці, адзначаюць супрацоўнікі арганізацыі.

Сутыкненні паміж жыхарамі Кыргызстана і Таджыкістана адбыліся ўвечары 22 ліпеня. Удзельнікі інцыдэнту, сярод іншага, стралялі з паляўнічых стрэльбаў, а таксама кідаліся камянямі і палкамі. У выніку пацярпелі не менш за 14 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі сілавых структур рэспублікі, заявіла прадстаўніца памежнай службы Кыргызстана. Акрамя таго, загінуў грамадзянін Таджыкістана.

Кіргізскае сяло Аксай размешчанае паблізу ад таджыкскага эксклава – вёскі Ворух. Працягласць мяжы паміж дзвюма краінамі складае больш за 970 кіламетраў, аднак з іх апісаны крыху менш за 600. У прыватнасці, участак з населенымі пунктамі Аксай і Ворух дагэтуль не быў апісаны.

паводле dw.com/эж