Турэцкія і амерыканскія салдаты пачалі сумеснае патруляванне ў зоне бяспекі на паўночным усходзе Сірыі.
Паводле агенцтва AFP, шэсць турэцкіх бронемашын пераехалі сірыйскую мяжу, дзе далучыліся да ўзброеных сілаў ЗША.
Зона бяспекі была створана амерыканска-турэцкім пагадненнем, заключаным 7 жніўня. Дамоўленасць прадугледжвае, што зона бяспекі ахопіць сірыйскую тэрыторыю паміж турэцкай мяжой і ракой Еўфрат. Раёны на ўсход ад яе кантралююцца сіламі курдскай арганізацыі YPG.
Зона бяспекі павінна стаць «гуманітарным калідорам», дзякуючы якому сірыйскія ўцекачы, якія знаходзяцца ў Турцыі, змогуць вярнуцца ў сваю краіну.
Амерыканска-турэцкае пагадненне прадугледжвае таксама стварэнне сумеснага аператыўнага цэнтру па кантролі над сітуацыяй у зоне.
Грамадзянская вайна ў Сірыі цягнецца ўжо восем гадоў. У выніку вайны загінула амаль паўмільёна чалавек, а 12 мільёнам давялося пакінуць свае дамы.
ПР/юл