Беларуская Служба

Расія вярнула Украіне затрыманыя ў Керчанскім праліве караблі

18.11.2019 13:27
Згаданую інфармацыю пацвердзілі Міністэрства замежных спраў Расіі і ўкраінская армія.
Сцяг Расіі Photo:Fotiniya/pixabay.com/CC0 Public Domain

Расія вярнула Украіне тры караблі, затрыманыя год таму ў Керчанскім праліве. Згаданую інфармацыю пацвердзілі Міністэрства замежных спраў Расіі і ўкраінская армія.

На думку расійскай дыпламатыі, украінскія караблі з'яўляюцца важнымі доказамі ў крымінальным працэсе, які зараз працягваецца ў Расіі. Справа датычыць незаконнага перасячэння мяжы. Аднак у сувязі з завяршэннем неабходных следчых мерапрыемстваў наяўнасць караблёў у Расійскай Федэрацыі не з'яўляецца ўжо неабходнай.

Нагадваем, 25 лістапада 2018 года функцыянеры расійскай памежнай службы затрымалі тры ўкраінскія караблі, якія накіроўваліся з Адэсы ў Марыупаль.

Федэральная служба бяспекі Расіі вырашыла, што ўкраінскія адзінкі перасеклі мяжу расійскіх вод і назвала гэты інцыдэнт правакацыяй. У той час Крэмль заявіў, што Кіеў не паведаміў расійскаму боку аб планаваным праходзе караблёў праз Керчанскі праліў.

24 украінскія маракі былі арыштаваныя і абвінавачаныя ў Расіі ў незаконным перасячэнні мяжы.

На думку ўкраінскіх уладаў, затрымліваючы караблі, Расія парушыла Марскую канвенцыю ААН і расійска-ўкраінскае пагадненне аб супрацоўніцтве ў выкарыстанні Азоўскага мора і Керчанскага праліва.

7 верасня гэтага года, у рамках абмену палоннымі, украінскія маракі вярнуліся на радзіму.

аз