Беларуская Служба

Вакол Мачу-Пікчу высадзяць мільён дрэваў

10.01.2020 13:48
Паводле спецыялістаў, насаджэнні дапамогуць выратаваць не толькі археалагічныя знаходкі але і ўратаваць навакольную флору і фаўну.
Machu Picchu
Machu Picchu fot. Colegota/Wikimedia Commons/CC

Вакол горнага гораду старажытнай Амерыкі Мачу-Пікчу, які знаходзіцца на поўдні сучаснага Перу, будзе высаджаны мільён дрэваў. Пра масавыя пасадкі ў ваколіцах колішняй сталіцы Імперыі Інкаў заявіў прэзідэнт краіны Марцін Віскара. Прэзідэнт Віскара падкрэсліў, што дагляд Мачу-Пікчу – гэта абавязак кожнага перуанскага грамадзяніна:

-Усе перуанцы павінны імкнуцца захаваць натуральнае асяроддзе, дбаць аб прыродзе, клапаціцца пра адзін з нашых цудаў свету, якім з’яўляецца Мачу-Пікчу. Мы тут, у гэтым гістарычным месцы, каб распачаць высадку аднаго мільёна дрэваў. Мы выканаем гэтае заданне!

Акцыю па масавай пасадцы дрэваў у ваколіцах Мачу-Пікчу падтрымлівае Міністэрства навакольнага асяроддзя Перу. Паводле спецыялістаў, насаджэнні дапамогуць выратаваць не толькі археалагічныя знаходкі але і ўратаваць навакольную флору і фаўну.
Горад Мачу-Пікчу быў пабудаваны ў Андах у другой палове XV стагоддзя падчас росквіту цывілізацыі Інкаў.

IAR/эж