Беларуская Служба

Каралева Вялікабрытаніі заклікала да адзінства ў барацьбе з эпідэміяй

06.04.2020 10:05
 «Мы пераможам і перамога будзе належаць кожнаму з нас»
   II
Каралева Вялікабрытаніі Елізавета II.

Каралева Вялікабрытаніі Елізавета II увечары ў нядзелю, 5 красавіка, звярнулася да нацыі ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса SARS-CoV-2. Брытанскі манарх заклікала падданых да адзінства ў барацьбе з пандэіміяй. Яна асабліва вылучыла самадысцыпліну і рашучасць брытанцаў.


Каралева  Елізавета II падзякавала Нацыянальнай службе аховы здароўя і экстранным службам Вялікабрытаніі:

-Я хачу падзякаваць усім, хто знаходзіцца на пярэднім краі аховы здароўя, а таксама работнікам сацыяльных службаў і ўсім тым, хто, не думаючы пра сябе, выконвае свае штодзённыя абавязкі па-за домам, каб падтрымаць усіх нас. Я ўпэўненая, што ўся нацыя шануе кожную гадзіну вашай цяжкай працы, якая набліжае нас да вяртання да нармальнага жыцця.

Жыхары каралеўства з 23 сакавіка могуць пакідаць свае дамы толькі для пакупак тавараў першай неабходнасці, наведванняў лекара ды індывідуальных заняткаў спортам.

«Мы сутыкаліся з выклікамі і раней, але гэты – іншага роду», – адзначыла каралева. Яна падкрэсліла, што толькі аб'яднаныя намаганні ўсіх краінаў свету і выкарыстанне агульных дасягненняў навукі для барацьбы прынясуць поспех. «Мы пераможам і перамога будзе належаць кожнаму з нас», – падсумала Елізавета ІІ.

93-гадовая каралева Вялікабрытаніі з 19 сакавіка знаходзіцца ў Віндзарскім замку з мужам, 98-гадовым прынцам Філіпам і невялікай колькасцю персаналу. Відэазварот Елізаветы II 5 красавіка стаў чацвёртым пазачарговым пасланнем за ўвесь час яе кіравання, пачынаючы з 1952 года.

Паводле афіцыйных звестак, каранавірус SARS-CoV – 2 выяўлены амаль у 50 тысяч брытанцаў, памерлі каля 5000 хворых. Еўрапейскім эпіцэнтрам пандэміі застаецца Італія з найбольшай колькасцю ў свеце смяротных зыходаў. На першае месца па колькасці заражэнняў выйшлі ЗША.

паводле IAR/dw.com/эж