Пратэст Польшчы быў выкліканы загадам мясцовых уладаў зняць дзве мемарыяльныя дошкі ў памяць ахвяр Катыні з будынку былога абласнога НКУС у Цверы.
Менавіта ў Цверы (Калінін да 1990 года) у 1940 годзе было забіта каля 6000 польскіх ваеннапалонных з Асташкаўскага лагера, што стала часткай так званай «Катынскай трагедыі», у выніку якой загінула каля 22 000 грамадзянаў Польшчы.
Двухмоўны надпіс на адной з дошак на рускай і польскай мовах быў такі: «У памяць аб ваеннапалонных з Асташкаўскага лагера, забітых НКУС у Калініне. Папярэджанне ўсяму свету».
У канцы 2019 года абласная пракуратура ў Цверы звярнулася да гарадскіх уладаў з просьбай прыбраць таблічкі, сцвярджаючы, што яны былі ўсталяваныя з парушэннем закону. Пракуратура таксама сцвярджала, што надпісы не былі заснаваныя на дакументальна пацверджаных фактах.
Кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Яраслаў Шарэк заявіў Польскаму радыё, што зняцце мемарыяльных дошак з'яўляецца часткай «новай формы гістарычнай палітыкі Расіі», дадаўшы, што пры прадстаўленні гісторыі Другой сусветнай вайны «расійскія ўлады вяртаюцца да камуністычнага, Савецкага наратыву».
Шарэк заявіў, што дэмантаж мемарыяльных дошак у памяць пра палякаў, забітых НКУС, «не сатрэ памяць пра злачынства ў Катыні».
Аб падзеях у Цверы ўпершыню паведаміла Радыё «Свабода», якое цытавала мясцовых актывістаў, якія клапоцяцца аб месцах памяці ахвяр рэпрэсіяў у горадзе.
Сярод тых, хто браў удзел у дэмантажы мемарыяльных дошак, быў нехта Максім Кармушкін, актывіст нацыянальна-вызвольнага руху(НОД), праўрадавай арганізацыі, якая неаднаразова абвінавачвалася незалежнымі СМІ ў нападах і правакацыях, накіраваных супраць лідараў апазіцыі.
Амбасада Польшчы ў Маскве была праінфармавана аб падзеях у Цверы.
PR/эж