Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

New York Times: Трэба паказаць беларусам, што свабодныя людзі ва ўсім свеце падтрымліваюць іх патрабаванні

12.09.2020 17:45
Паводле газеты, гэтая падтрымка павінна быць узмоцненая санкцыямі супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў і чыноўнікаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:tacskooo/pixabay.com/CC0 Public Domain

ЗША і Еўропа павінны выразна паказаць, што падтрымліваюць патрабаванні беларусаў датычныя сумленных выбараў, каментуе амерыканская газета New York Times.

„Падаўленне мірных акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, якія працягваюцца ў Беларусі ўжо месяц, з'яўляецца абразай для тых, хто шануе дэмакратыю і элементарную сумленнасць”, - чытаем у артыкуле пад загалоўкам „Падтрымка адважных пратэстоўцаў у Беларусі”.

Паводле газеты,  для прэзідэнта Уладзіміра Пуціна Расія, Беларусь і Украіна – гэта „ядро савецкай імперыі”. Тым часам апошняя з гэтых краін „выйшла з-пад кантролю”. Для Крамля „свабодныя і дэмакратычныя выбары ў Беларусі з'яўляюцца не толькі пагрозай узнікнення ў Мінску незалежнага ад Расіі ўрада, але і магчымым натхненнем для расiйцаў

„Масква таксама можа паспрабаваць прыцягнуць Еўрапейскі Саюз да той ці іншай формы дыялогу, якая дасць Расіі легітымнасць у пошуку спосабу вырашэння крызісу на сваю карысць”, - перасцерагае New York Times.

„Любое ўцягванне Захаду ў кантраляваную Расiяй трансфармацыю падтрымае пазіцыю Лукашэнкі і Пуціна, якія пераконваюць, што вулічныя пратэсты праходзяць па ініцыятыве „замежных ворагаў”. Гэта здрада таму, на што спадзяюцца беларусы. Калі будзе нейкі дыялог, ён павінен быць з апазіцыяй”, - канстатуе амерыканская штодзёнка.

Паводле яе, роля Захаду і праваабарончых арганізацый - паказаць беларускім пратэстоўцам, што „свабодныя людзі ва ўсім свеце падтрымліваюць іх патрабаванні”. Гэта павінна быць падкрэслена жорсткімі санкцыямі супраць беларускіх уладаў і дзяржаўных чыноўнікаў.

аз