Беларуская Служба

Барэль не лічыць Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі

15.09.2020 12:34
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль зрабіў жорсткую заяву аб Аляксандры Лукашэнцы.
Жазэп БарэльPAP/EPA/Francisco Seco / POOL

«Сітуацыя ў Беларусі для нас ясная. Мы лічым выбары, якія прайшлі 9 жніўня, сфальсіфікаванымі. Лукашэнка для нас не з'яўляецца легітымным прэзідэнтам Беларусі», – заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль 15 верасня на слуханнях у Еўрапарламенце, пішуць naviny.by.

Ён адзначыў, што беларускія ўлады працягваюць «жорстка душыць пратэсты».

«Больш за сем з паловай тысяч мірных дэманстрантаў былі затрыманыя (з пачатку пратэстаў – БелаПАН.), Ёсць больш за 500 задакументаваных выпадкаў катаванняў у дачыненні да іх, – сказаў Барэль. – Усе члены прэзідыума Каардынацыйнага савета за выключэннем лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч былі затрыманыя або іх прымусілі пакінуць краіну».

Па словах Барэля, ЕС працягвае працу над увядзеннем санкцыяй у дачыненні да тых, хто адказны за фальсіфікацыю выбараў і гвалт у дачыненні да мірных грамадзян.

«Збіраемся прыняць іх як мага хутчэй. Яны павінны быць прыняты да наступнага пасяджэння Еўрапейскага савета», – сказаў ён.

Надзвычайнае пасяджэнне Еўрапейскага савета запланавана на 24-25 верасня.
Барэль падкрэсліў, што беларускія ўлады павінны спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх грамадзян і пачаць шырокамаштабны дыялог з грамадствам. На яго думку, пачатку такога дыялогу магла б спрыяць назіральная місія АБСЕ.

«Аднак, мы не змаглі звязацца з беларускімі ўладамі ні на якім узроўні», – дадаў ён.
Барэль нагадаў, што ЕС выдзеліў фінансавыя сродкі на падтрымку беларускага народа, у тым ліку для дапамогі пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў і на падтрымку недзяржаўных СМІ.

Па словах кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі, ЕС таксама цалкам перагледзіць свае адносіны з Беларуссю. Вызначаны сферы, у якіх кантакты могуць быць скарочаныя або спыненыя цалкам, паведаміў Барэль.

ав