Трохбаковая камісія па рэгуляванні сітуацыі на Данбасе можа пераехаць з Мінска ў Вену, мяркуе кіраўнік украінскай дэлегацыі ў камісіі Леанід Краўчук. Сустрэчы групы з удзелам Украіны, Расіі і АБСЕ праходзяць у беларускай сталіцы практычна з пачатку канфлікту на Данбасе. На думку ўкраінскага боку, з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі размовы павінны быць перанесеныя ў аўстрыйскую сталіцу.
Былы прэзідэнт Украіны, а цяпер кіраўнік украінскай дэлегацыі ў трохбаковай групе, ацаніў, што змена месца сустрэчаў на Вену будзе вельмі добрым рашэннем. Ён дадаў, што цяперашняя палітычная сітуацыя ў Беларусі не спрыяе працы камісіі, а наадварот - ускладняе яе. На яго думку, пратэсты ў Беларусі будуць працягвацца, але канчатковае рашэнне пра магчымае перанясенне перамоў у Вену будзе прымаць АБСЕ.
На мінулым тыдні канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц падчас размовы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім заявіў, што яго краіна гатовая стаць месцам працы трохбаковай камісіі. Камісія збіраецца ў беларускай сталіцы з 2014 года.
аз