У Францыі могуць адбыцца чарговыя тэрарыстычныя напады на фоне абвешчанай «вайны супраць ісламісцкай ідэалогіі», заявіў у пятніцу, 30 кастрычніка міністр унутраных спраў краіны Жэральд Дарманен.
У чацвер узброены нажом тунісец з крыкамі «Алах Акбар» здзейсніў напад у саборы Ніцы, абезгаловіўшы жанчыну і забіўшы яшчэ двух чалавек. Падазраваны быў паранены і затрыманы паліцыяй.
«Мы вядзем вайну з ворагам, які знаходзіцца як унутры, так і звонку – сказаў Дарманен у эфіры Радыё RTL. – Трэба разумець, што былі і будуць іншыя падзеі, падобныя да гэтых жахлівых нападаў».
На фоне тэрарыстычнага нападу прэзідэнт Эмануэль Макрон пераконваў, што дзяржава стаіць на варце каштоўнасцяў Рэспублікі:
- На нас зноў нападаюць з-за нашых каштоўнасцяў: схільнасці да свабоды, магчымасці свабодна вызнаваць веру на нашай зямлі і не паддавацца якому-небудзь тэрору. Зноў жа, сёння я кажу гэта з вялікай яснасцю: мы ні ад чаго не адмовімся.
Францыя, пасля тэракту ў Ніцы, падымае да самага высокага ўзроўню тэрарыстычную пагрозу ва ўсёй краіне, паведаміў учора ў Нацыянальным Сходзе прэм'ер-міністр Жан Кастэкс. Прэм’ер таксама заявіў, што адказ французскага ўрада на гэтую атаку «будзе цвёрдым і непазбежным».
IAR/PAP/эж