Міністэрства замежных спраў Расіі пашырыла спіс грамадзян Германіі, якім не дазволены ўезд у Расію. Санкцыі ахапілі кіраўнікоў выведвальных і сілавых структур міністэрства абароны Германіі. Расійская дыпламатыя абвясціла, што гэта адказ на дзеянні Берліна, які абвінаваціў Маскву ў арганізацыі хакерскай атакі на сайты Бундэстага ў 2015 годзе. На гэтай падставе ў кастрычніку Еўрасаюз увёў санкцыі супраць некаторых расійскіх чыноўнікаў.
У сувязі з кібератакай 2015 года Еўрапейскі Саюз увёў санкцыі супраць Галоўнага цэнтра спецслужбаў Міністэрства абароны Расіі і супраць двух афіцэраў: Дзмітрыя Бадзіна і Ігара Касцюкова. Расіян абвінавачваюць ва ўзломе электронных адрасоў Ангелы Меркель і нямецкіх дэпутатаў і парушэнні працы Бундэстага. Масква адхіляе абвінавачванні і ў якасці контрсанкцый забараняе ўезд кіраўнікам нямецкіх ваенных спецслужбаў. Імёны гэтых людзей не былі абнародаваны.
У сярэдзіне снежня Расія абвясціла візавыя санкцыі супраць людзей, якія ініцыявалі абмежаванні ЕС супраць расійскіх чыноўнікаў у сувязі з нападам на Аляксея Навальнага. Хто гэта, не абнародавана. Вядома толькі, што ноты па гэтым пытанні былі накіраваны амбасадарам Швецыі, Францыі і Германіі.
ав