Асобы, нядаўна затрыманыя за ўдзел у аголенай фотасесіі ў Дубаі, дэпартуюць з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Нагадваем, група людзей, якія ўдзельнічалі ў сесіі, у тым ліку 12 украінскіх мадэляў, была затрыманая за парушэнне маральных стандартаў.
Украінкі былі затрыманыя ў суботу пасля таго, як відэа з аголенымі жанчынамі на балконе хмарачоса ў Дубаі, паявілася ў інтэрнэце. Украінскія СМІ паведамляюць, што агулам па факце аголенай сесіі было затрымана каля 40 чалавек, акрамя ўкраінак, таксама грамадзянкі Расіі.
У аўторак прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка паведаміў, што ўкраінскі консул кантактуе з жанчынамі, якія знаходзяцца пад вартай, і са следчым дэпартаментам у Дубаі.
„Праваахоўныя органы пацвердзілі, што прычынай затрымання ўкраінак стала парушэнне маральнай этыкі і публікацыя непрыстойных фотаздымкаў і запісаў у сацыяльных сетках”, - сказаў прэс-сакратар. Ён дадаў, што жанчынам пагражае штраф у памеры каля 1 300 долараў і дэпартацыя.
Пазней украінскія СМІ са спасылкай на ўлады ААЭ паведамілі, што пракуратура завяршыла расследаванне і рашэнне аб дэпартацыі было прынятае.
аз