Беларуская Служба

Еўракамісія заклікала беларускія ўлады зняць абвінавачванні, выстаўленыя супраць членаў СПБ

07.04.2021 16:31
Еўракамісія таксама патрабуе неадкладна і безумоўна вызваліць іх разам з іншымі затрыманымі палітвязнямі.
Сцяг ЕўрасаюзаPhoto:Capri23auto/pixabay.com/CC0 Public Domain

Еўракамісія заклікала беларускія ўлады зняць абвінавачванні, выстаўленыя супраць членаў Саюза палякаў Беларусі і вызваліць іх з турмы.

„Мы паўтараем зварот кіраўніка дыпламатыі ЕС і віцэ-старшыні Еўракамісіі Жазэпа Барэля з 25 сакавіка з просьбай выканаць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне павагі правоў чалавека і асноўных свабод. Мы заклікаем беларускія ўлады зняць абвінавачванні, выстаўленыя супраць членаў Саюза палякаў Беларусі, у тым ліку Борыс, Пачобуту і Бярнацкай, а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць іх разам з іншымі затрыманымі палітвязнямі”, - заявіў прэс-сакратар Еўракамісіі.

У дачыненні да чатырох актывістаў СПБ была распачатая крымінальная справа паводле артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі (арт. 130, п. 3), у якім гаворыцца аб  „наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варожасці”.

Пракуратура ўспрымае дзейнасць актывістаў СПБ як „рэабілітацыю нацызму”, за што пагражае ад пяці да 12 гадоў пазбаўлення волі. Паводле згаданага артыкула абвінавацілі таксама польскую актывістку з Брэста Ганну Панішэву.

Беларускія праваабаронцы прызналі ўсіх затрыманых польскіх актывістаў палітвязнямі.  

СПБ - гэта найбуйнейшая арганізацыя польскай меншасці ў Беларусі. У 2005 годзе ўлады ў Мінску пазбавілі яе рэгістрацыі. Статутныя мэты Саюза палякаў Беларусі – гэта падтрымліванне польскасці, прасоўванне польскай культуры і мовы, а таксама клопат пра месцы польскай памяці ў Беларусі.

аз