Беларуская Служба

Амерыканскі амбасадар у Маскве вымушаны вярнуцца ў Вашынгтон

20.04.2021 11:11
Доўгі час Джон Саліван адмаўляўся з'язджаць з Масквы, нягледзячы на рэкамендацыі Крамля і МЗС. Сёння дыпламат пацвердзіў, што ляціць у Злучаныя Штаты.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/MAXIM SHIPENKOV Dostawca: PAP/EPA

Ён правядзе кансультацыі ў Вашынгтоне і плануе вярнуцца ў Маскву цягам тыдня да магчымай сустрэчы паміж прэзідэнтамі Байдэнам і Пуціным.

Раней амерыканскія СМІ паведамлялі, што Саліван адмовіўся з'язджаць з Масквы, нягледзячы на рэкамендацыі Крамля і МЗС з'ехаць у Вашынгтон на кансультацыі.

Амерыканскі пасол абвясціў, што пакіне Расію толькі пасля выразнага патрабавання Масквы. Расейскі амбасадар у Вашынгтоне Анатоль Антонаў з канца сакавіка вядзе кансультацыі ў Маскве.

На мінулым тыдні ЗША выслалі з краіны 10 расійскіх дыпламатаў. У адказ Расія загадала 10 амерыканцам пакінуць яе тэрыторыю. У той жа час на ўзроўні Міністэрства замежных спраў і адміністрацыі прэзідэнта амерыканскаму амбасадару рэкамендавалі часова пакінуць Расію. Джон Саліван адмовіўся і абвясціў, што з'едзе толькі тады, калі Расія прымусіць яго гэта зрабіць.

На мінулым тыдні Польшча таксама выслала 3 расійскіх дыпламатаў. У адказ на гэта Расія абвясціла пра высылку 5 палякаў. Аднак, да гэтага часу польскаму амбасадару Кшыштафу Краеўскаму не перададзена адпаведная нота. Чэхі таксама абвесцілі 18 расійскіх лыпламатаў persona non grata, а Масква ў адказ выслала 20 чэхаў.

PR/юл