Беларуская Служба

У Чэхіі затрыманыя пяць чалавек, якіх падазраюць ва ўдзеле ў баях на Данбасе

21.04.2021 12:43
Сотні паліцыянтаў прынялі ўдзел у маштабнай аперацыі па ўсёй краіне. 
Flaga Czech
Flaga Czech coe.int

Ноччу з аўторак на сераду Чэшскі нацыянальны цэнтр па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (NCOZ) правёў маштабную аперацыю, у выніку якой было затрымана па меншай меры пяць чэхаў, якія ўваходзілі ў ваенныя фармаванні і, верагодна, удзельнічалі ў баях на Данбасе. Пра гэта, як піша "Украінская праўда", паведамляюць чэшскія выданні Respekt і Aktuálně.cz.

Затрыманыя падазраюцца ў паездках альбо арганізацыі паездак грамадзян Чэхіі ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку прарасійскіх баевікоў.

Па словах аднаго з падазраваных, арыштаванымі кіравалі супрацоўнікі ГРУ, якія працавалі ў пасольстве Расіі ў Празе і нядаўна былі дэпартаваныя з Чэхіі, піша Aktuálně. «Не выключана, што яны кантактавалі з некаторымі дэпартаванымі расійскімі дыпламатамі, фактычна членамі ГРУ», – дадае Respekt.

Сотні паліцыянтаў прынялі ўдзел у маштабнай аперацыі па ўсёй краіне. Паліцыя меркавала, што падазраваныя могуць бараніцца падчас затрымання. У многіх з іх дома ёсць законная зброя.
Чэшская паліцыя падкрэсліла, што аперацыя не была звязаная з выбухамі ў Врбеціцах у 2014 годзе.

Нагадаем, Чэхія абвінаваціла Расію ў арганізацыі выбуху, які адбыўся 16 кастрычніка 2014 г. на складзе боепрыпасаў ва ўсходняй частцы Чэхіі і прывёў да сур’ёзных наступстваў, у тым ліку гібелі двух мясцовых жыхароў. У сувязі з гэтым Прага вырашыла выдаліць 18 расійскіх дыпламатаў, яны ўжо пакінулі краіну. У адказ на гэта Расія абвясціла 20 супрацоўнікаў пасольства Чэхіі ў Маскве персонай нон-грата.

нг