Беларуская Служба

Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі

10.06.2021 19:16
Еўрадэпутаты рашуча асуджаюць «захоп самалёта Ryanair» як акт «дзяржаўнага тэрарызму» і заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі.
ЕўрапарламентPAP/EPA/JULIEN WARNAND / POOL

У чацвер Еўрапарламент заклікаў ЕС пакараць тых, хто мае дачыненне да прымусовага прызямлення самалёта Ryanair у Мінску і затрымання беларускага журналіста Рамана Пратасевіча.

У рэзалюцыі, прынятай у чацвер (626 галасоў «за», 16 «супраць» і 36 «устрымаліся»), еўрадэпутаты рашуча асуджаюць «захоп самалёта Ryanair» як акт «дзяржаўнага тэрарызму» і заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Пратасевіча і яго партнёркі Сафія Сапегі, а таксама ўсіх астатніх палітычных зняволеных у Беларусі.

Рэзалюцыя заклікае ЕС як мага хутчэй увесці санкцыі супраць асоб і суб'ектаў у Беларусі, якія ўдзельнічалі ў прымусовай пасадцы і выкраданні людзей.
На думку Еўрапарламента, краінам ЕС неабходна тэрмінова ўвесці чарговы пакет санкцый супраць тых, хто ўдзельнічаў у леташніх фальсіфікацыях выбараў і парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.

«У санкцыйны спіс павінны ўвайсці пракуроры, суддзі і супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія адыгрываюць ролю ў рэпрэсіях, а таксама асобы, якія займаюцца дэзынфармацыяй, сродкамі масавай інфармацыі, прапагандай і падтрымкай рэжыму, такія як Марат Маркаў, які браў інтэрвʼю ў Рамана Пратасевіча 2 чэрвеня на дзяржаўным тэлеканале АНТ», – кажа Еўрапарламент.

Акрамя таго, еўрадэпутаты заклікаюць прыняць хуткія эканамічныя меры, накіраваныя на ключавыя галіны прамысловасці Беларусі, у прыватнасці на нафту і нафтапрадукты, калій, сталь і дрэваапрацоўку. «Абсалютна неабходна адмовіць рэжыму ў фінансавай падтрымцы, адмовіць банкам у новых крэдытных лініях і прыпыніць інвестыцыі ў інфраструктуру альбо эканамічныя прадпрыемствы. Еўрапейскім фінансавым інстытутам трэба перашкаджаць набываць аблігацыі і ўсе іншыя фінансавыя інструменты, выпушчаныя беларускім урадам і звязаныя з імі дзяржаўныя ўстановы», – звяртае ўвагу ЕП.

Рэзалюцыя таксама прадугледжвае прыпыненне ўдзелу Беларусі ў міжнародных спартыўных арганізацыях і мерапрыемствах, у тым ліку на чэмпіянатах Еўропы і свету і Алімпійскіх гульнях у Токіа. Еўрадэпутаты таксама заклікаюць Еўрапейскую федэрацыю футбола (UEFA) адклікаць правы на вяшчанне Беларускага дзяржаўнага тэлебачання турніраў EURO-2020 і бясплатна перадаць іх незалежнаму тэлеканалу «Белсат».

У тэксце таксама асуджаюцца рэпрэсіі і варожыя дзеянні ўладаў у дачыненні да прадстаўнікоў польскай меншасці і супраць польскай сістэмы адукацыі ў Беларусі, а таксама заклікаецца да безумоўнага вызвалення Анжалікі Борыс, Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў.

ав