Лідары польскіх абшчын з Нью-Ёрка і Фларыды заклікалі заканадаўцаў з абодвух штатаў пакараць кангрэсмена ад Дэмакратычнай партыі Стывена Коэна за тое, што ў траўні ў эфіры CNN ён заявіў, што Польшча нясе адказнасць за стварэнне нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў, уключаючы «Аўшвіц».
Фонд Касцюшкі з Нью-Ёрку абвінаваціў 72-гадовага дэпутата Палаты прадстаўнікоў з Тэнесі ў распаўсюджванні хлусні пра Польшчу. У адказ на ліст амбасадара Польшчы ў Вашынгтоне Пятра Вільчэка, Коэн папрасіў прабачэння. «Прабачце, спасылаюся на Польшчу, я разглядаў яе выключна ў геаграфічнум аспекце», – патлумачыў кангрэсмен.
Аднак лідары польскіх абшчын у Нью-Ёрку і Фларыдзе палічылі ягоныя выбачэнні недастатковымі і накіравалі ліст заканадаўцам у сваіх штатах з патрабаваннем асудзіць Коэна і пакараць яго папярэджаннем.
«Гістарычная праўда і вобраз Польшчы былі сфальсіфікаваны перад мільённай аўдыторыяй CNN. Нас абразілі і абвінавацілі ў саўдзеле ў найбуйнейшым забойстве ў гісторыі. Гэтая агідная хлусня не была выпраўлена такім жа чынам і ў такім маштабе, як павінна. Ціхія выбачэнні Коэна не ліквідуюць велізарнай шкоды, нанесенай яго выступленнем у CNN», – заявіў адзін з лідараў польскай абшчыны ў Нью-Ёрку Стэфан Комар.
аз