На поўначы Афганістана талібы выганяюць мірных жыхароў з дамоў, рабуюць альбо спальваюць дамы, паведамляе Human Right Watch. Гэта чарговы этап наступлення талібаў на ўрадавыя сілы.
Па дадзеных HRW, талібскія баевікі загадалі жыхарам Баг-э Шеркат у правінцыі Кундуз пакінуць свае дамы «для ўласнай бяспекі». Пагрозы талібаў прымусілі каля 600 сем'яў пакінуць свае дамы.
Як паведамляе HRW, гэта відавочная помста мірным жыхарам, якія падтрымліваюць урадавыя сілы.
«Помста талібаў у дачыненні да мірных грамадзян, якіх яны падазраюць у падтрымцы ўрада, зʼяўляецца злавесным папярэджаннем пра будучыя злачынствы», – сказала дырэктар Human Rights Watch па Азіі Патрысія Госман.
Дзеянні талібаў абвастрыліся пасля таго, як ЗША і НАТА закончылі вывад сваіх войскаў з Афганістана, пазбавіўшы падтрымкі афганскую армію.
Паводле афіцыйных крыніцаў, сілы талібаў занялі больш за 100 раёнаў. Самі талібы кажуць, што ўзялі пад кантроль больш за 200 раёнаў у 34 правінцыях, якія ахопліваюць больш за палову тэрыторыі краіны.
аз