Беларуская Служба

Прэзідэнт Джо Байдэн сустракаецца сёння ў Белым доме з канцлеркай Ангелай Мэркель

15.07.2021 11:07
Візіт Ангелы Мэркель у Белы дом павінен падкрэсліць аднаўленне добрых адносін паміж дзвюма краінамі.
           .
Прэзідэнт Джо Байдэн сустракаецца сёння ў Белым доме з канцлеркай Ангелай Мэркель.PAP/EPA/JIM LO SCALZO

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сустрэнецца сёння ў Белым доме з канцлеркай Германіі Ангелай Мэркель. Візіт павінен падкрэсліць аднаўленне добрых адносін паміж дзвюма краінамі. Тэмамі перамоваў будуць адносіны з Кітаем і Расіяй, гандлёвыя кантакты і будаўніцтва газаправода Nord Stream 2.

Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі:

-Ангела Мэркель прыбыла ў Вашынгтон учора ўвечары. Візіт яна пачне ў чацвер рабочым сняданкам з віцэ-прэзідэнтам Камалай Харыс, затым сустрэнецца з кіраўнікамі нямецкіх кампаній, якія інвестуюць у ЗША і атрымае ганаровы тытул ва Універсітэце Джонса Хопкінса. Каля 20.00 гадзіны(паводле польскага часу) Мэркель прыбудзе ў Белы дом, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам Джо Байдэнам у Авальным кабінеце, пасля чаго адбудуцца перамовы дэлегацый абедзвюх краін і сумесная прэс-канферэнцыя.

Візіт у Белы дом завершыцца вячэрай, арганізаванай амерыканскай прэзідэнцкай парай у гонар Ангелы Мэркель і яе мужа, прафесара Ёахіма Заўэра. Белы дом заявіў, што кіраўнікі ЗША і Германіі будуць размаўляць пра барацьбу са зменамі клімату, пандэмію COVID-19, нацыянальную бяспеку і падтрымку глабальнай дэмакратыі. Байдэн і Мэркель таксама абмяркуюць мінімізацыю негатыўных наступстваў Nord Stream 2 для Украіны, усходняга фланга НАТА і Еўропы.

аз