Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заклікаў афганскіх талібаў неадкладна вярнуцца да перамоваў і спыніць гвалт.
«Бесперапынныя атакі выклікаюць непрымальныя пакуты афганскіх грамадзян і павялічваюць колькасць унутраных мігрантаў і людзей, якія пакідаюць Афганістан у пошуках бяспекі», – адзначыў кіраўнік дыпламатыі ЕС.
Далейшую падтрымку афганскага народа палітык паставіў у залежнасць ад «павагі асноўных правоў усіх афганцаў», у тым ліку жанчын, моладзі і меншасцяў.
«У выпадку гвалтоўнага захопу ўлады і аднаўлення ісламскага эмірата, талібам пагражае ізаляцыя, адсутнасць міжнароднай падтрымкі, далейшы канфлікт і працяглая нестабільнасць у Афганістане», – папярэдзіў Барэль.
Раней у чацвер талібы занялі Герат – трэці па велічыні горад краіны. Гэта ўжо 11-я сталіца правінцыі, якую апошнім часам захапілі ісламскія баевікі.
аз