Прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прытрымліваецца падобнага з ім погляду на пагрозы, з якімі сутыкаецца Еўропа. 24 лістапада, пасля перамоваў з прэзідэнтам Францыі ў Парыжы прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі пералічыў сярод гэтых пагрозаў, у прыватнасці, сітуацыю на ўсходняй мяжы Польшчы і Еўрапейскага Звязу:
-Абараняючы нашу мяжу, мы ахоўваем межы ЕЗ. З гэтае прычыны, дзякую нашым французскім, а таксама еўрапейскім партнёрам за іх словы падтрымкі і салідарнасці нашых дзеянняў, якія мы ажыццяўляем, дзеля абароны мяжы Еўрапейскага Звязу.
Сярод іншых пагроз ЕЗ прэмʼер Маравецкі назваў павелічэнне ліку расійскіх вайсковых падраздзяленняў ля межаў Украіны, газавы шантаж з боку Расіі і дэзынфармацыйныя дзеянні. Польскі прэмʼер падкрэсліў, што гэтыя дзеянні павінны атрымаць салідарны адказ Еўразвязу.
Нагадаем, дзеля пераадолення гібрыднага нападу на ЕЗ з боку рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, урад Польшчы праводзіць дыпламатычны наступ. 24 лістапада польскі прэм'ер таксама праводзіць перамовы са сваім славенскім калегам Янэзам Яншам, а ўжо 25 лістапада ў Берліне пройдзе сустрэча Матэвуша Маравецкага і Ангелы Меркель.
iar/эж