Расія, як агрэсар, не мае права выстаўляць патрабаванні, заявіла ў Бруселі віцэ-прэм'ер Украіны ў пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга Стэфанішына пасля перамоў з Генеральным сакратаром Паўночнаатлантычнага альянсу Енсам Столтэнбергам. Гэтая сустрэча папярэднічала паседжанню Камісіі НАТА-Украіна з удзелам амбасадараў 30 краін і намесніка кіраўніка ўрада ў Кіеве.
Нагадваем, Масква запатрабавала гэтак званых гарантыяў бяспекі, то бок таго, што альянс не будзе пашырацца на ўсход і вывядзе войскі з усходняга флангу.
«Тое, што робіць Расія – гэта навязванне свайго парадку дня. Расійскія патрабаванні нельга разглядаць як перамоўную пазіцыю. Агрэсар не мае права выстаўляць патрабаванні, пакуль расійскія войскі знаходзяцца ва Украіне», – сказала прадстаўніца ўкраінскага ўраду. Яна дадала, што патрабаванні Масквы аб бяспецы павінны пачацца з вываду войскаў з Украіны.
Апрача таго, паводле яе, улады ў Кіеве маюць права самастойна выбіраць уласныя ваенныя саюзы і меры бяспекі.
IAR/аз