У Кобленцы ў чацвер, 13 снежня, вярхоўны суд федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц, вынес абвінаваўчы прысуд супраць Анвара Р..
Галоўны абвінавачаны - былы палкоўнік спецслужбаў Сірыі 58-гадовы Анвар Р. Яго абвінавачваюць у датычнасці да 4 000 выпадкаў катаванняў, 30 забойстваў і трох эпізодаў сэксуальнага гвалту.
Суд пагадзіўся з патрабаваннем Федэральнай пракуратуры Германіі аб пажыццёвым зняволенні для абвінавачанага. Адвакаты заклікалі апраўдаць падабароннага. Анвар Р., сцвярджаюць яны, баяўся за сваё жыццё і жыццё чальцоў сям'і, знаходзіўся пад велізарным ціскам і не быў вольны ў сваіх рашэннях.
Ахвяра катаванняў у сірыйскай турме
Сам экс-палкоўнік сваю віну не прызнаў. Хоць і не адмаўляў катаванні і смерці праціўнікаў рэжыму Асада ў сакрэтнай турме Аль-Хаціб у прыгарадзе Дамаска, якая належала «дэпартаменту 251», які адказвае за бяспеку сірыйскай сталіцы. Анвар Р. кіраваў у ім аддзелам расследаванняў, але, паводле яго слоў, ніколі асабіста не ўжываў катаванні і не аддаваў такіх загадаў. Аднак гэта мала што мяняе.
Як заявіў DW у кулуарах працэсу адвакат Фрыц Штрайф (Fritz Streiff), які спецыялізуецца на абароне правоў чалавека, «чым вышэй чалавек паднімаецца ў іерархіі, тым болш апасродкаваны яго ўдзел у злачынствах». Таму ў заяве нямецкай пракуратуры было ўказана, што «ўнёсак Анвара Р. у злачынствы, у якіх яго абвінавачваюць, абумоўлены ягоным становішчам у іерархіі дэпартамента 251».
Палкоўнік, перабежчык, падсудны
Анвар Р. за свае 58 гадоў паспеў стаць афіцэрам спецслужбаў, перабежчыкам і актыўным членам сірыйскай апазіцыі. Да пачатку масавых пратэстаў у Сірыі ён не адчуваў ніякіх маральных праблем, звязаных з месцам і роляй у сістэме ўлады Асада. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта ўніверсітэта працаваў у паліцыі, у 1995 годзе перайшоў у службу агульнай разведкі, дзе хутка зрабіў кар'еру.
Не пазней за студзень 2011 года Анвар Р. служыў у званні палкоўніка, меў уласны кабінет у турме Аль-Хаціб, карыстаўся службовым аўтамабілем і кіраваў прыкладна трыма дзесяткамі падначаленых.
Па сведчаннях сведак (падчас працэсу былі апытаны больш за 60 чалавек, сярод іх — тых, хто перажыў катаванні), з пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі турма Аль-Хаціб ператварылася ў месца няўяўнага жаху. Па іх словах, Аль-Хаціб, якая адрознівалася нечалавечымі ўмовамі ўтрымання зняволеных, была напоўнена крыкамі закатаваных людзей, якія не ведалі, ці змогуць яны калі-небудзь выйсці з гэтага пекла жывымі.
Нават проста ўтрыманне пад вартай у такіх умовах раўнасільна катаванню, заявіла суддзя Анэ Кербер (Anne Kerber), якая разглядае справу.
Анвар Р. сцвярджае, што пасля пачатку пратэстаў унутрана адрокся ад рэжыму. Прычынай сталася нібыта тое, што спецслужбы, замест таго, каб займацца зборам інфармацыі, ператварыліся ў інструмент запалохвання. Падсудны запэўнівае, што нават стараўся дапамагаць зняволеным, наколькі гэта было ў яго – як ён падкрэслівае, вельмі абмежаваных – сілах. Начальства перастала яму давяраць. У снежні 2012 года Анвар Р. дэзерціраваў, збегшы разам з сям'ёй у Іарданію. Там ён далучыўся да сірыйскай апазіцыі і нават браў удзел у другой мірнай канферэнцыі па Сірыі ў Жэневе ў 2014 годзе.
У 2015 годзе ён і яго сям'я атрымалі прытулак у Нямеччыне.
У жніўні 2017 года Анвара Р. дапыталі ў паліцыі Штутгарта як сведку па справе сірыйца, які падазраецца ў ваенных злачынствах. Былы палкоўнік, відавочна, адчуваў сябе ў бяспецы, таму падрабязна расказаў пра ўласную ролю ў рэпрэсіўным апараце рэжыму Асада. Гэтая інфармацыя трапіла ў ведамства з нязвыкла доўгай назвай – «Цэнтральнае ўпраўленне па барацьбе з ваеннымі злачынствамі ў адпаведнасці з міжнародным крымінальным правам»(ZBKV). Яго супрацоўнікі вызнаюць прынцып: «Германія не павінна быць сховішчам для ваенных злачынцаў».
У лютым 2019 года экс-палкоўніка арыштавалі. Пазней афіцэр паліцыі Штутгарта, які дапытваў Анвара Р., распавёў у якасці сведкі на судзе ў Кобленцы, што, калі ён спытаў экс-палкоўніка больш канкрэтна аб катаваннях, той адказаў: «Пры такой колькасці допытаў у дзень не заўсёды можна быць ветлівым. З членамі ўзброеных груповак часам даводзіцца быць больш жорсткім».
Паводле прынцыпа міжнароднага права
Нямецкія ўлады пачалі расследаваць злачынствы, якія тычацца парушэння правоў чалавека ў Сірыі, неўзабаве пасля пачатку там масавых пратэстаў у 2011 годзе. У ходзе так званага структурнага расследавання Федэральная пракуратура Германіі сабрала інфармацыю пра сітуацыю ў краіне ў цэлым, без прывязкі да канкрэтных абвінавачаных. Размова, у прыватнасці, ішла аб бясследным знікненні як мінмум 102 тысяч чалавек, якія трапілі ў рукі сірыйскіх спецслужбаў, а таксама задакументаваных смерцях больш за 14 тысяч чалавек пад катаваннямі.
Федэральнай пракуратуры Германіі і Федэральнаму ведамству па крымінальных справах удалося сабраць больш за 900 тысяч сапраўдных сірыйскіх дакументаў і апытаць больш за 2000 сведкаў. Гэтая праца заклала аснову для працэсу па справе аб тым, што адбывалася ў турме Аль-Хаціб.
І гэта вельмі важна, лічыць берлінскі адвакат па правах чалавека Вольфганг Калек (Wolfgang Kaleck), заснавальнік Еўрапейскага цэнтра па канстытуцыйных правах і правах чалавека (European Center for Constitutional and Human Rights, ECCHR), які прадстаўляе інтарэсы сірыйскіх ахвяр катаванняў у якасці супазоўніка ў судовым працэсе ў Кобленцы. Для Калека вырашальным у гэтай справе з'яўляецца тое, «што такі суд магчымы ў Нямеччыне», заявіў ён DW.
У прынцыпе, падобныя справы павінен разглядаць Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе. Але Сірыя не зʼяўляецца дзяржавай-удзельніцай МКС. А магчымае рашэнне Савета бяспекі ААН даручыць МКС пераслед за злачынствы супраць чалавечнасці ў Сірыі было ветавана Расіяй і Кітаем.
Працэс у Кобленцы стаў магчымы дзякуючы закону, які ўступіў у сілу ў ФРГ у чэрвені 2002 года і прадугледжвае крымінальную адказнасць за парушэнне міжнароднага права (Völkerstrafgesetzbuch, VStGB). Ён дазваляе нямецкім судовым органам пераследаваць за злачынствы супраць чалавечнасці, нават калі тыя былі здзейснены не ў Нямеччыне і калі ні злачынцы і ні ахвяры не зʼяўляюцца грамадзянамі ФРГ.
Падсудны згодны з вердыктам
Сірыйская журналістка Луна Ватфа, якая наведала ўсе паседжанні суда, падчас падзей у Сірыі сама некаторы час правяла ў турме, распавяла DW, што пад канец судовага працэсу Анвар Р. выглядаў прыкметна пастарэлым і стомленым. Але, паводле яе ацэнкі, экс-палкоўнік не моцна змяніўся падчас судовага працэсу.
«Ён захоўвае той жа выраз твару, што і ў пачатку працэсу», – адзначыла Ватфа. Вонкава Анвар Р. сапраўды не праяўляе ніякіх эмоцый. У заключным слове ён сказаў, што згодзен з прысудам, які будзе вынесены, і верыць у нямецкае правасуддзе.
Deutsche Welle, Маціас фон Хайн, Віталь Кропман / вх