Перакідванне расійскіх ваенных у Беларусь для сумесных вучэнняў «Саюзная рашучасць – 2022» на фоне напружанасці ў рэгіёне прымушае апасацца, што гэтыя сілы «патэнцыйна» могуць быць выкарыстаны для нападзення на суседнюю Украіну. Пра гэта заявіў журналістам на брыфінгу высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША на ўмовах ананімнасці.
«Час (правядзення манеўраў – Рэд.) звяртае на сябе ўвагу і, вядома, з гэтым звязаны апасенні, што Расія можа імкнуцца размясціць войскі ў Беларусі пад выглядам сумесных ваенных вучэнняў – для патэнцыйнага нападу на Украіну», – сказаў чыноўнік.
Манеўры дадуць РФ больш шырокія магчымасці і шляхі для ажыццяўлення такой атакі, адзначыў прадстаўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства.
Паводле ацэнак Вашынгтона, колькасць расійскіх ваенных, якія перакідваюцца ў Беларусь, «выходзіць за рамкі таго, што мы чакаем у рамках звычайных вучэнняў», і можа апярэджваць пастаянную расійскую ваенную прысутнасць там з удзелам як звычайных, так і ядзерных сіл, дадаў амерыканскі чыноўнік.
Злучаныя Штаты занепакоеныя тым, што папраўкі ў канстытуцыю Беларусі, якія могуць быць ухваленыя падчас рэферэндуму ў лютым, могуць адчыніць дзверы для сталага базавання ваенных сілаў Расійскай Федэрацыі , падкрэслілі ў Дзярждэпе. «Гэты праект канстытуцыйных змен можа ўказваць на тое, што Беларусь плануе дазволіць размяшчэнне на сваёй тэрыторыі як звычайных, так і ядзерных сіл Расіі», – прыводзіць словы прадстаўніка Дзярждэпартамента агенцтва AFP.
Такі сцэнарый стане «выклікам для еўрапейскай бяспекі, які можа запатрабаваць адказных дзеянняў», адзначыў супрацоўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства. З цягам часу кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка «ўсё больш і больш звяртаецца да Расіі па розную падтрымку», канстатаваў амерыканскі чыноўнік. «І мы ведаем, што ён не атрымлівае гэтую падтрымку проста так. Відавочна, што Расія карыстаецца ўразлівасцю Лукашэнкі і пакрысе спаганяе з яго назапашаныя даўгі», – дадаў ён.
Паводле Deutsche Welle, Кацярына Венкіна / вх