Украінская армія вярнула сабе палову Севераданецка ў Луганскай вобласці. Там ужо шмат дзён ідуць цяжкія баі. Расіяне страляюць па горадзе, ракеты таксама падаюць на суседні Лісічанск, дзе яны знішчылі, сярод іншага, цэнтр гуманітарнай дапамогі.
Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў, што ўкраінская армія выціснула расіян з часткі Севераданецка. Да гэтага расіяне кантралявалі каля 70 працэнтаў горада. Цяпер горад падзелены напалову.
Расійская армія ўзмацніла абстрэл Лісічанска – горада, непасрэдна прылеглага да Севераданецка.
За суткі ў Лісічанску зафіксавана каля 30 ракетных удараў. Знішчаны гуманітарны штаб у горадзе, паведамляе Сяргей Гайдай.
«Учорашнія дзень і ноч для Лісічанска – пякельныя. Расіяне бесперапынна стралялі па горадзе. Артылерыя і нават «Кропка-У», – паведаміў ён.
Ва ўкрыцці штабу гуманітарнай дапамогі знаходзіліся каля 40 мясцовых жыхароў. На шчасце, паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без ахвяр.
Па словах кіраўніка Луганскай вобласці, галоўная мэта расіян – захапіць Севераданецк, узяць пад кантроль стратэгічна важны маршрут Лісічанск – Бахмут.
IAR / вх