Гарадская адміністрацыя Марыупалю папярэджвае, што каля 150 тысяч жыхароў акупаванага гораду знаходзяцца пад пагрозай смяротных захворванняў з-за дрэнных санітарных умоваў. Можа ўспыхнуць эпідэмія халеры або дызентэрыі.
Тэмпература паветра перавышае 20 градусаў, адчуваецца недахоп пітной вады і прадуктаў харчавання. Сцёкавыя воды не спускаюцца, тысячы целаў ляжаць пад заваламі.
Дарадца мэра Марыупалю Пётр Андрушчанка кажа, што пагроза вельмі сур'ёзная.
- Для Марыупалю ўспышка халеры або дызентэрыі азначае смерць некалькіх тысяч чалавек за кароткі час. У цяперашні час у горадзе застаецца ад ста да ста пяцідзесяці тысяч чалавек. Таму рызыка вялікая.
Пётр Андрушчанка заявіў, што Расія спрабуе намаляваць «карціну» нібыта мірнага вяртання жыхароў, але гэта не мае нічога супольнага з рэчаіснасцю.
- Горад пазбаўлены ўсіх магчымасцяў, якія маглі б дапамагчы ў барацьбе з эпідэміяй. Была санэпідэмстанцыя, але з лабараторыяй зрабілі цікавыя рэчы. У прапагандысцкіх фільмах расіяне паказвалі, што гэта біялабараторыя, дзе ўкраінскія і марыупальскія ўлады вырошчвалі халеру, таму вырашылі прыбраць усё лабараторнае абсталяванне. Забралі ў акупаваны Данецк. Няма на чым працаваць. Спецыялістаў няма.
Расійскія акупацыйныя ўлады спрабавалі аднавіць падачу вады ў горад, але трубы адразу пачалі працякаць. Вада прарвалася на вуліцы гораду, вымываючы, між іншым, целы загінулых.
Украінцы на акупаваных тэрыторыях маюць абмежаваны доступ да медычнай дапамогі з-за разбурэння інфраструктуры і адсутнасці медыкаў.
IAR PR/нг