Беларуская Служба

МЗС Украіны пра абстрэл порта, дзе было зярно: Гэта плявок Пуціна ў твар генсека ААН і Эрдагана

23.07.2022 16:19
Украіна заклікае ААН і Турцыю забяспечыць выкананне Расіяй сваіх абяцанняў.
Ілюстрацыйны здымакFoto: фота: pxhere.com/CC0 Domena publiczna

«Плявок у твар генсека ААН і Эрдагана». Гэтак дыпламатычнае ведамства Украіны недыпламатычна адрэагавала на ракетную атаку расіян па Адэскім порце. «Менш за 24 гадзін спатрэбілася РФ, каб ракетным ударам па тэрыторыі порта горада Адэса падвергнуць сумневу дамоўленасці і абяцанні, дадзеныя ёю ААН і Турцыі ў падпісаным учора ў Стамбуле дакуменце», – заявіў спікер ведамства Алег Нікаленка.

«Расійская ракета – гэта плявок уладзіміра пуціна ў твар Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша і прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, якія прыклалі вялікія намаганні для дасягнення пагаднення, і якім Украіна ўдзячная», – гаворыцца ў заяве.

У сувязі з гэтым Украіна заклікае ААН і Турцыю забяспечыць выкананне Расіяй сваіх абяцанняў па бяспечным функцыянаванні збожжавага калідора ў Чорным моры.

УНІАН/нг