Прадстаўнік Нацыянальнай гвардыі Украіны палкоўнік Мікалай Уршаловіч паведаміў у чацвер, што за апошнія дні ўкраінскія сілы знішчылі дзве групы расійскіх наймітаў з «групы Вагнера» каля Бахмута і двух наймітаў захапілі ў палон.
Высветлілася, што гэта асуджаныя ў Расіі за цяжкія злачынствы зняволеныя, якія адносіліся да «групы Вагнера» і заключылі з ёй кантракт на паўгода, пасля чаго іх адправілі ва Украіну.
Раней СМІ паведамлялі, што цяпер найміты знаходзяцца ў раёне Бахмута, дзе ідуць цяжкія баі. Украінская ваенная выведка апошнімі днямі заявіла, што «група Вагнера» вярбуе ў свае шэрагі зняволеных, асуджаных за забойствы, згвалтаванні і наркотыкі. Часта гэта хворыя людзі, напрыклад, інфіцыраваныя ВІЧ ці гепатытам С.
Вербоўкай у турмах у Расіі займаўся, паводле незалежных расійскіх медыя, асабіста Яўген Прыгожын, расійскі бізнесмэн, які, як мяркуецца, фінансуе «групу Вагнера».
Учора Дзярждума, ніжняя палата расійскага парламента, прыняла папраўкі ў закон аб мабілізацыі, якія дазваляюць прызываць у войска асуджаных за здзяйсненне цяжкіх злачынстваў. Дума прыняла папраўкі ў другім чытанні. Забарона прызыву па-ранейшаму будзе распаўсюджвацца ў тым ліку на зняволеных паводле крымінальнага кодэкса за тэрарызм, здраду дзяржаве, публічныя заклікі да экстрэмісцкіх дзеянняў.
Пуцін 21 верасня выдаў указ аб частковай мабілізацыі на вайну ва Украіне. Паводле афіцыйных паведамленняў з Крамля, прызыў складае каля 300 тысяч чалавек. Для ўдзелу ў вайне вярбуюць таксама палонных.
PAP / вх