Беларуская Служба

Cалідарнасць з Украінай ва ўсіх краінах ЕС мацнейшая, чым калі-небудзь раней

16.03.2023 18:11
Пра гэта гаворыцца ў даследаванні Еўрапейскай рады па замежных справах (ECFR), якое апублікавала газета «Welt».
.
. PAP/Mykola Kalyeniak

Праз год пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну салідарнасць ва ўсіх краінах ЕС з гэтай атакаванай краінай мацнейшая, чым калі-небудзь раней. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні Еўрапейскай рады па замежных справах (ECFR), якое апублікавала газета «Welt».

Адна з мэтаў Уладзіміра Пуціна, якая заключалася ў тым, каб падзяліць ЕС, не была дасягнутая. Наадварот, значна павялічылася колькасць прыхільнікаў «справядлівага міру», гэта значыць тых, хто гатовы дапамагчы Украіне вярнуць сабе тэрыторыі, нават калі гэта азначае працяг вайны.

«Пасля года вайны ва Украіне назіраецца незвычайны ўзровень адзінства, якога не было ў пачатку канфлікту», – сказаў кіраўнік ECFR Марк Леанард, які разам з балгарскім палітолагам Іванам Красцевым напісаў даследаванне. Ён дадаў, што варта падкрэсліць, што ні падчас крызісу бежанцаў у 2015 годзе, ні падчас крызісу еўра не было такой вялікай падтрымкі ЕС.

Прычыны цвёрдай і адзінай пазіцыі краін ЕС у дачыненні да Расіі аўтары даследавання бачаць перш за ўсё ў ваенных поспехах Украіны. На працягу першых некалькіх месяцаў расійскага ўварвання ў настроях большасці краін дамінавалі страх і няўпэўненасць.

Змянілася стаўленне еўрапейцаў да магчымых кампрамісаў з боку Украіны. «Сёння ўсё менш еўрапейцаў лічаць, што вайну трэба хутка скончыць, нават калі Украіне дзеля гэтага прыйшлося аддаць сваю тэрыторыю», – дадае «Welt». У Германіі 49 працэнтаў рэспандэнтаў падтрымлівалі гэтую пазіцыю ў пачатку вайны, праз год – толькі 39 працэнтаў па-ранейшаму лічыць, што Украіна павінна пайсці на тэрытарыяльныя саступкі.

«Вайна ва Украіне паказала людзям, наколькі важны моцны ЕС», – заключае «Welt».

ав