Беларуская Служба

Расіяне супрацьдзейнічаюць вяртанню дэпартаваных украінскіх дзяцей

25.03.2023 17:49
Украіна не ведае пра месцазнаходжанне звыш трох тысяч дзяцей-сірот.
Przywódcy UE na szczycie - potępienie Rosji za porwania dzieci z Ukrainy, groźba sankcji i zapowiedź prac na pułapami cenowymi na ropę
Przywódcy UE na szczycie - potępienie Rosji za porwania dzieci z Ukrainy, groźba sankcji i zapowiedź prac na pułapami cenowymi na ropęShutterstock

Віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук заявіла, што расіяне супрацьдзейнічаюць вяртанню дэпартаваных дзяцей-сірот. Гэта дзеці, вывезеныя з так званых Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік, а таксама з тэрыторый, якія Расія акупавала пасля 24 лютага мінулага года. Дзяцей гвалтоўна ўтрымліваюць на тэрыторыі РФ на «нявызначаны тэрмін», «у выхаваўчых мэтах» і «у мэтах бяспекі».

Учора, пасля саміту Еўрасаюзу, польскі прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча разам з Еўракамісіяй і Украінай будуць патрабаваць, каб украінскія дзеці, вывезеныя ў Расію, маглі вярнуцца на радзіму. Маравецкі анансаваў стварэнне спецыяльнай праграмы, у якой прыме ўдзел старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

На дадзены момант Украіна не ведае пра месцазнаходжанне звыш трох тысяч дзяцей-сірот. Магчыма, дзеці знаходзяцца на часова акупаваных тэрыторыях у прыёмных семʼях, а таксама могуць быць дэпартаваныя ў Расію, адзначыла Ірына Верашчук.

- Значна больш складаная сітуацыя статусных дзяцей. Сёння ў нас у рэестры дадзеныя аб 3232 дзецях, якія знаходзяцца на ўліку сіротаў, так званых статусных дзяцей. Калі мы не ведаем іх месцазнаходжанне, вораг патрабуе ўсю нашу інфармацыю. Нам вядома, што яны могуць знаходзіцца на часова акупаваных тэрыторыях у прыёмных семʼях ці ў іншых формах, а таксама могуць быць дэпартаваныя ў Расію.

«Расія блакуе вяртанне дзяцей, мы можам праводзіць толькі мэтанакіраваныя дзеянні. Мяне здзіўляюць паводзіны людзей, якія прымаюць рашэнні адносна нашых сірот. Яны не толькі здзяйсняюць злачынствы, яны нахабна хваляцца імі«, – дадала Ірына Верашчук.

17 сакавіка суддзі Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе прынялі рашэнне, што ёсць рэальныя падставы меркаваць, што Уладзімір Пуцін нясе адказнасць за ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконнай дэпартацыяй дзяцей з акупаванай Украіны ў Расію, і выдалі ордар на яго арышт. У гэтым жа рашэнні МКС таксама выдаў ордар на арышт расійскага ўпаўнаважанага па правах дзіцяці Марыі Львовай-Беловай.

iar/нг