За апошнія суткі ва Украіне адбылося 26 узброеных сутыкненняў. Генштаб УСУ паведамляе, што на Бахмуцкім напрамку ўкраінская армія паспяхова адбіла атакі расейцаў на паўночны ўсход ад вёскі Грыгораўка.
Расіяне спрабавалі вярнуць страчаныя пазіцыі ў раёне Андрыеўкі, але безвынікова. Украінцы працягваюць наступ на поўдзень ад Бахмута, дзе наносяць ворагу страты ў людзях і тэхніцы.
У раёне Мар'інкі расійскія войскі зрабілі 12 беспаспяховых спробаў выбіць украінскія часткі з пазіцый. У сваю чаргу ў напрамку Мелітопаля УСУ працягваюць наступальную аперацыю, наносячы акупацыйным войскам значныя страты ў людзях і тэхніцы, і прымушаючы іх адысці з пазіцый.
Учора расіяне нанеслі чарговы масіраваны ракетны ўдар па Украіне, паведамляе Генштаб Узброеных сіл. Мэтай была энергетычная, прамысловая і грамадзянская інфраструктура. Разбураны або пашкоджаны жылыя дамы, у тым ліку дамы студэнта, навучальныя і медыцынскія ўстановы. Ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва.
Удар быў нанесены пры дапамозе 44 крылатых ракет Х-101/Ч-555/Х-55 і 6 зенітных кіраваных ракет С-300. Украінцам удалося збіць 38 з іх.
Агулам за суткі расіяне выпусцілі па Украіне 59 ракет і нанеслі 62 авіяўдары і 55 атак з артылерыйскіх сістэм.
Паводле Генштаба УСУ, расіяне захоўваюць ваенную прысутнасць у памежных з Украінай раёнах і, у тым ліку, павялічваюць шчыльнасць мінных загарод уздоўж дзяржаўнай мяжы ў Белгародскай вобласці.
Больш за тое, на тэрыторыі Краснадарскага краю расійскае войска набірае вязняў для папаўнення стратаў на фронце і камплектавання дэсантных частак. Вязням было абяцана датэрміновае вызваленне ў абмен на кантракт з расійскімі ўзброенымі сіламі.
IAR/аз