Беларуская Служба

Расія мінулай ноччу зноў абстраляла Украіну

01.10.2023 09:32
Украінскія Паветраныя сілы паведамілі, што збілі большасць беспілотнікаў, якімі Расія атакавала.
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Mykola Kalyeniak

Супрацьпаветраная абарона Украіны ў ноч з суботы на нядзелю збіла 16 з 30 баявых беспілотнікаў, з дапамогай якіх Расія атакавала краіну, паведамілі ў ВПС Украіны. Пашкоджана грамадзянская і прамысловая інфраструктура.

Мясцовыя ўлады паведамляюць аб ударах па цывільнай інфраструктуры ў Крывым Рогу ў цэнтральнай Украіне. Ва Умані Чаркаскай вобласці расійскія войскі атакавалі аб'екты прамысловасці, у тым ліку склад збожжа. Адзін чалавек паранены. Тры ракеты таксама трапілі на тэрыторыю прадпрыемства ў Харкаве.

Раней у нядзелю раніцай у Генштабе Ўзброеных сілаў Украіны паведамілі, што агулам за папярэднія суткі расійскія войскі нанеслі 8 ракетных удараў і 99 авіяўдараў, а таксама 45 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Атакам падвергліся як пазіцыі ўкраінскіх сіл, так і цывільныя аб'екты. Расія запусціла каля 40 баявых беспілотнікаў класа «Шахед» з поўдня; 30 з іх былі збітыя ўкраінскімі СПА ў Адэскай, Мікалаеўскай і Вінніцкай абласцях.

У выніку нападаў загінулі ды ёсць параненыя сярод мірных жыхароў. Пашкоджаныя жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура, гаворыцца ў ранішнім паведамленні штаба.

Украінскія войскі працягваюць абарону на ўсходзе і поўдні краіны, а таксама наступ у напрамку Мелітопаля і Бахмута.

PAP