Расійскія атакі на Аўдзееўку, горад, які знаходзіцца на ўскраіне сталіцы Данецкай вобласці, не спыняюцца. Расіяне спрабуюць іх акружыць. Украінцы, у сваю чаргу, спрабуюць прарваць расійскую абарону на паўднёвым фронце ў Запарожскай вобласці.
Паводле звестак сайта Deep State, на ўчастку Запарожжа ўкраінская армія здолела перасунуць свае пазіцыі на некалькі сотняў метраў у бок вёскі Вербоўе. Пры гэтым украінцы абараняюцца ад расійскіх атак на ўсходнім сектары – найбольш інтэнсіўна праціўнік атакуе на паўночным і паўднёвым флангах Аўдзееўкі.
Як падкрэсліў у эфіры тэлеканалу «Інтэр» украінскі вайсковы эксперт Сяргей Грабскі, расіяне накіроўваюць туды свае самыя моцныя ўдарныя войскі. Паводле яго ацэнак, калі ўкраінцы страцяць гэты горад, праціўнік абавязкова палепшыць свае пазіцыі – у першую чаргу дзякуючы поўнаму кантролю над Данецкім транспартным вузлом. Гэта дасць расіянам, як адзначыў эксперт, магчымасць манеўраваць сіламі з усходу на поўдзень, што пагоршыць становішча ўкраінскай арміі на паўднёвым фронце.
Расіяне штурмуюць Аўдзееўку, не зважаючы на страты людзей і тэхнікі. Паводле дадзеных амерыканскага Інстытуту ваенных даследаванняў, расійская армія ўжо страціла там ад 100 да 200 адзінак бранятанкавай тэхнікі – у тым ліку транспартнікі і танкі.
ав