Беларуская Служба

У Італіі пачалася сапраўдная эпідэмія грыпу

05.01.2024 17:28
Сітуацыя ў шпіталях і бальніцах хуткай дапамогі становіцца ўсё больш складанай з-за масавых выпадкаў грыпу ды выкліканых хваробай ускладненняў.
Ілюстрацыйнае фотаEPA/TOLGA AKMEN Dostawca: PAP/EPA.

Распаўсюджванне сезоннага грыпу таксама суправаджаецца выпадкамі Covid-19. Медыкі папярэджваюць, што пнеўманіяй хварэюць шмат маладых людзей.

Пункты хуткай дапамогі запоўненыя ў асноўным пажылымі людзьмі з праблемамі дыхання. Многім пацыентам даводзіцца чакаць месца ў бальніцы. Аднак у гэтым годзе найбольшую занепакоенасць выклікае не Covid-19, а грып. Колькасць цяжкіх выпадкаў хваробы пастаянна расце.

Разам з тым з пачатку года ўсё менш шпіталізуюць людзей, інфіцыраваных SARS-CoV-2. За апошні тыдзень з-за каранавіруса шпіталізавана на 16 працэнтаў менш пацыентаў, чым за папярэдні тыдзень.

«Гэта самы сур'ёзны сезон грыпу за апошнія 15 гадоў», - сказаў прафесар Матэа Басэці, дырэктар інфекцыйнай клінікі ў Генуі.

Прэзідэнт Італьянскай федэрацыі медыцынскіх устаноў Джавані Мільёрэ падкрэсліў, што на цяперашнім этапе Covid-19 «саступае месца грыпу».

Лекары вельмі занепакоеныя яго цяжкай формай асабліва сярод моладзі.

«Мы фіксуем шмат выпадкаў шпіталізацыі з-за пнеўманіі ў здаровых і маладых пацыентаў; у некаторых выпадках неабходна нават інтэнсіўнае лячэнне», — адзначыў Марка Фальконе з інфекцыйнага аддзялення бальніцы ў Пізе.

Спецыялісты прызнаюць, што незразумела, ці з'яўляецца гэтая асабліва цяжкая форма вынікам зніжэння імунітэту да віруса грыпу пасля пандэміі, або гэта новая больш агрэсіўная мутацыя хваробы.

РАР/юл