Беларуская Служба

У 2024 годзе палова чалавецтва пойдзе на выбарчыя ўчасткі

06.01.2024 14:29
2024 год стане глабальным годам выбараў амаль для паловы чалавецтва – адзначае штотыднёвік «The Economist», заяўляючы, што ў бліжэйшыя 12 месяцаў грамадзяне як мінімум 64 краін прыйдуць на выбарчыя ўчасткі на нацыянальных і мясцовых выбарах.
Ілюстрацыйнае фотаObraz Michael Schwarzenberger z Pixabay/CC0

Лістападаўскія прэзідэнцкія выбары ў ЗША лічацца найважнейшым пунктам сусветнага выбарчага календара, які, на думку рэдактараў штотыднёвіка, можа прынесці «самую вялікую пагрозу свету»: перамогу Дональда Трампа і яго прыход да ўлады на другі тэрмін.

Грамадзяне ўсіх краін ЕС будуць галасаваць у Еўропе – у чэрвені прыкладна 400 мільёнаў выбаршчыкаў з 27 краін будуць абіраць новы Еўрапарламент. Аднак найважнейшымі выбарамі на старым кантыненце будуць выбары ў Вялікабрытаніі – адзначае тыднёвік. На думку даследчыкаў, вельмі верагодна, што кансерватарам, якія знаходзяцца ва ўладзе ў Вялікабрытаніі ўжо 14 гадоў, давядзецца перайсці ў шэрагі апазіцыі. Паводле апытанняў Лейбарысцкая партыя мае перавагу больш чым на 20 працэнтных пунктаў.

«The Economist» прагназуе, што прынамсі ў чатырох еўрапейскіх краінах можа адбыцца значная змена ўрада, а палітычная фрагментацыя застанецца ключавой тэндэнцыяй на кантыненце. Паколькі ўрадам становіцца ўсё цяжэй захоўваць стабільную большасць. Жыхары кантынента абяруць новыя ўлады ў Фінляндыі, Партугаліі, Славакіі, Літве, Ісландыі, Бельгіі, Харватыі, Аўстрыі, а таксама ва Украіне, Расіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Румыніі.

Азіяты будуць галасаваць на выбарах у Індыі, Інданезіі, Паўднёвай Карэі, Пакістане, Бангладэш, Тайвані і Саламонавых астравах.

У Індыі, дзе мільярд выбаршчыкаў маюць права галасаваць, палітолагі ў адзін голас прагназуюць, што найбольш верагодным вынікам будзе перамога цяперашняга прэмʼер-міністра Нарэндры Модзі ды яго партыі. У выбарах у Інданезіі больш за 250 тысяч чалавек будуць змагацца за 20 тысяч мандатаў на ўсіх палітычных узроўнях, а ў Бангладэш, дзе больш за 119 мільёнаў грамадзян маюць права голасу, апазіцыя абвясціла байкот выбараў.

У Паўднёвай Амерыцы новых прэзідэнтаў будуць выбіраць Мексіка, Сальвадор, Панама, Дамініканская Рэспубліка і Уругвай.

У Афрыцы траціна кантынента павінна пайсці на выбары. У васямнаццаць краін, дзе павінны адбыцца выбары, уваходзяць краіны, дзе адбыўся дзяржаўны пераварот, а таксама тыя, дзе ўрад не мяняўся дзесяцігоддзямі. Да апошняй адносіцца ПАР, дзе з 1994 года кіруе партыя Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК).

СМІ, якія аналізуюць будучыя выбары, не ўспрымаюць бліжэйшыя месяцы як перамогу дэмакратыі. «Los Angeles Times» нават спытала, ці зможа дэмакратыя перажыць рэкордны год выбараў. Газета падкрэсліла, што дэмакратыя згортваецца ў кожным рэгіёне свету, а апытанні грамадскай думкі паказваюць моцнае расчараванне гэтай формай улады, асабліва сярод моладзі. Маўляў «яны нясуць занадта мала пазітыўных змен, што выклікае расчараванне. Іх выкарыстоўваюць аўтарытарныя лідары для ўмацавання ўлады. Выбары падзяляюць грамадства і нават натхняюць на гвалт».

РАР/юл