Еўрапейскія следчыя абураныя паводзінамі Польшчы і абвінавачваюць яе ў сабатажы расследавання аб падрыве расійскага газаправода «Паўночны паток».
Краіна наўмысна хавае ключавыя доказы па гэтай справе, бо яны могуць указаць на Украіну, лічаць яны. Гаворка ідзе аб магчымым перамяшчэнні дыверсантаў польскімі тэрыторыямі, піша выданне The Wall Street Journal.
«Еўрапейскія следчыя ўжо даўно лічаць, што атака была арганізавана з Украіны праз Польшчу», – дадае выданне.
Цяпер Еўропа ўскладае спадзяванні, што новы ўрад Варшавы прымусіць польскіх следчых садзейнічаць расследаванню. Некаторыя высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі заяўляюць: яны разглядаюць верагоднасць, што звернуцца з адпаведным запытам непасрэдна ў офіс Дональда Туска (новага прэм'ер-міністра Польшчы), адзначае WSJ.
Ніткі газаправода «Паўночны паток» злучалі Расію з Германіяй праз Балтыйскае мора. Іх узарвалі ў верасні 2022 года. Да гэтага часу не зразумела, хто стаяў за гэтай «дыверсіяй», але яна аказала эканамічны ціск на Германію і іншыя краіны Еўропы, якія імкнуліся адмовіцца ад выкарыстання расійскага паліва.
Любы намёк на тое, што Польшча, як член НАТА, можа хаваць ад саюзнікаў інфармацыю аб інцыдэнце, які меў месца на тэрыторыі іншай краіны-члена Альянсу, можа істотна падарваць давер да гэтай арганізацыі – прыводзіць УНІАН фрагмент артыкула.
нг