У ноч на 13 студзеня, а таксама раніцай расійскія акупацыйныя войскі нанеслі ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны, у прыватнасці, з ужываннем «Кінджалаў» і Х-31П. У шэрагу рэгіёнаў прагрымелі выбухі.
Ваенна-паветраныя сілы Украіны заявілі, што крылатыя ракеты накіроўваліся ў бок Кіева, Крывога Рога, Роўна і Дняпра. Выбухі прагучалі ў гарадах Днепр, Крапіўніцкі ды Бярдзянск. У атаках расіяне выкарыстоўвалі, у тым ліку, ракеты «Кінджал», выпушчаныя з самалётаў. Зафіксаваныя таксама запускі ракет тыпу Х-101/555/55 з 6 адзінак стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС.
У Ровенскай вобласці падчас паветранай трывогі працавала супрацьпаветраная абарона. Абышлося без пашкоджанняў і наступстваў, паведаміла абласная адміністрацыя.
Войскі супрацьпаветранай абароны працавалі і ў Палтаўскай вобласці. Ракета ўпала ў двор аднаго з прыватных дамоў у Крамянчуцкім раёне і не разарвалася. Пацярпелых няма, пашкоджаная гаспадарчая пабудова.
Працавала супрацьпаветраная абарона і ў Чарнігаўскай вобласці. Ёсць пашкоджанні. Папярэдне абышлося без пацярпелых.
У той жа час у Кіраваградскай вобласці, дзе таксама працавала СПА, ахвяр і разбурэнняў няма.
Паведамляецца, што СПА працавала таксама і ў Хмяльніцкай вобласці, дзе быў збіты паветраны аб'ект. Аб'екты крытычнай інфраструктуры і людзі не пацярпелі, паведаміла адміністрацыя.
Сілы супрацьпаветранай абароны знішчылі 8 ракет. Агулам расіяне запусцілі 3 беспілотнікі і 37 ракет, у тым ліку шэсць «Кінджалаў».
Пры гэтым больш за 20 сродкаў нападу не дасягнулі сваёй мэты ў выніку процідзеяння сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.
ПР/юл