«Мы павінны абараняць нашу краіны, дзяцей, дамы і жыцці», заявіў прэзідэнт Украіны на Міжнародным эканамічным форуме ў Давосе.
Уладзімір Зяленскі адзначыў, што заходні свет здольны супрацьстаяць расійскай агрэсіі, калі будзе непахісным і салідарным.
Украінскі лідар раскрытыкаваў прыхільнікаў устрымлівання Украіны ад эскалацыі вайны з Расіяй. Ён нагадаў, што Украіне ўдаецца знішчаць расійскія ракеты і самалёты, развіваць сваю эканоміку і, насуперак волі расійскага агрэсара, ствараць калідоры для бяспечнага экспарту тавараў.
«Калі нехта думае, што вайна тычыцца толькі Украіны, ён робіць прынцыповую памылку. Патэнцыйны кірунак новай расiйскай агрэсіі за межы Украіны становіцца ўсё больш відавочным», перасцерагаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны заклікаў заходніх лідараў да салідарнай барацьбы з расiйскім агрэсарам.
«Дамы і спадары, у гэтым годзе павінен адбыцца паварот. Ці можа замарожванне канфлікту ва Украіне пакласці канец вайне? Замарожаныя канфлікты ўспыхваюць зноў. Хачу нагадаць, што пасля 2014 года былі спробы замарозіць канфлікт на Данбасе. Былі ўплывовыя палітыкі, якія гарантавалі мірны ход гэтага працэсу: канцлер Германіі і прэзідэнт Францыі. Але Пуцін такі драпежнік, які ніколі не насыціцца замарожанымі прадуктамі», – сказаў Уладзімір Зяленскі.
На думку ўкраінскага прэзідэнта, свет не можа паддацца ціску з боку Масквы.
яс