Пратэсты французскіх фермераў, якія доўжацца ўжо больш за тыдзень, пераходзяць на новы ўзровень. Фермеры абвяшчаюць «аблогу» некалькіх гарадоў у бліжэйшыя дні, патрабуючы рэакцыі ўрада на крызіс у сельскай гаспадарцы. Пачатак акцыі запланаваны ў другой палове дня ў Парыжы.
Марсель, Ліён, Тулюза, Бардо і Нансі – гэта толькі частка гарадоў, якія рыхтуюцца да пратэстаў фермераў. Каля паўтары тысячы трактароў ужо едуць у Парыж. Фермеры абяцаюць блакаду васьмі шашэйных дарог вакол французскай сталіцы. Яны таксама хочуць паралізаваць міжнародную харчовую біржу ў мястэчку Рунжы пад Парыжам, што можа выклікаць крызіс у забеспячэнні крам у Парыжы. Мяркуецца, што ў выпадку блакады харчовых запасаў у сталіцы хопіць на трое сутак.
«Трактары не заедуць у Парыж і ў буйныя правінцыйныя гарады. У сталічным рэгіёне прадуктовая біржа зможа нармальна працаваць», – запэўнівае кіраўнік МУС Жэральд Дарманен. «Мы мабілізуем сур'ёзныя рэсурсы, у тым ліку 15 тысяч паліцэйскіх і жандараў», – падкрэсліў міністр унутраных спраў.
Урад Францыі запэўнівае, што адкажа на патрабаванні фермераў на працягу наступных 48 гадзін. У пятніцу прэмʼер-міністр Габрыэль Аталь прадставіў план выхаду з крызісу, аднак большасць пратэстоўцаў палічылі прапановы ўладаў недастатковымі.
IAR/нг