Генштаб Узброеных сіл Украіны паведамляе, што за апошнія суткі адбылося 111 прамых баявых сутыкненняў з расійскімі войскамі. Па ўкраінскіх пазіцыях і грамадзянскіх аб'ектах вораг нанёс 36 ракетных і 73 авіяўдары. Расіяне таксама здзейснілі амаль 130 артылерыйскіх абстрэлаў прыфрантавых гарадоў.
У выніку расійскай атакі на Харкаў загінулі як мінімум сем чалавек, у тым ліку трое дзяцей ва ўзросце шэсць месяцаў, сем і чатыры гады, паведаміў у Тэлеграм кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў.
Расія атакавала на Харкаў з дапамогай беспілотнікаў. Адзін з іх трапіў у аўтазапраўку. Загарэлася паліва, якое стала прычынай пажару 15 дамоў.
Паводле звестак Паветраных сіл УСУ, у ноч Расія выпусціла па Украіне 31 беспілотнік. З іх 23 удалося збіць у межах Адэскай і Харкаўскай абласцей.
Мінабароны Расіі ў сваю чаргу заявіла, што ў ноч на 10 лютага былі збітыя тры беспілотнікі над Бранскай вобласцю і адзін «безэкіпажны катэр» у Чорным моры. У атаках расійскае Мінабароны абвінаваціла ўкраінскае войска.
Украіна традыцыйна не каментуе такія заявы расійскага боку.
Расіяне па-ранейшаму спрабуюць прарваць абарону ўкраінскіх войскаў на ўсходзе і поўдні краіны, найбольш цяжкія баі вядуцца пад Аўдзееўкай у Данецкай вобласці. Расейцы спрабуюць акружыць і заняць гэты стратэгічна размешчаны горад. На гэтым участку ўкраінцам удалося адбіць 21 прамы напад расіян.
Украінскія войскі таксама вядуць наступальныя дзеянні, наносячы праціўніку значныя страты. Учора артылерыя і ракетныя войскі Украіны бесперапынна абстрэльвалі расійскія пазіцыі. Ад іх пацярпелі, у тым ліку, тры групоўкі варожых войскаў, два камандныя пункты, а таксама па два склады боепрыпасаў і ваеннай тэхнікі.
PAP/аз