Расія пагражае бяспецы былых савецкіх рэспублік, у тым ліку краінаў Балтыі, заявіў Польскаму радыё расійскі апазіцыянер Генадзь Гудкоў. Палітык у выгнанні заклікаў краіны Захаду да салідарнасці з Украінай, бо, на яго думку, толькі вайсковая параза Расіі спыніць агрэсіўныя планы Уладзіміра Пуціна.
Расійскі апазіцыйны палітык дадаў, што вайна ва Украіне – гэта канфлікт не толькі паміж Расіяй ды Украінай:
- Гэта вайна паміж тыраніяй і дэмакратыяй. Калі Пуцін застанецца ва ўладзе ў Крамлі, нават калі вайна скончыцца на полі бою ва Украіне, яна адновіцца праз кароткі час – у Малдове, дзе стаяць расійскія войскі, яна пачнецца ў Арменіі і Грузіі. Вайна пачнецца на так званых паўночных тэрыторыях Казахстана. Я таксама не выключаю больш агрэсіўных планаў, напрыклад, у дачыненні да краін Балтыі.
На думку Генадзя Гудкова, агрэсіўныя планы Уладзіміра Пуціна могуць спыніць салідарныя з Украінай дзеянні Захаду, якія, акрамя паразы Расіі на полі бою, прывядуць і да палітычных зменаў унутры расійскай дзяржавы.
IAR/нг