Беларуская Служба

Па словах прэм'ера Славакіі, некаторыя краіны разглядаюць магчымасць накіраваць салдат ва Украіну

26.02.2024 17:51
Ён патлумачыў, што гаворка ідзе пра магчымую адпраўку войскаў на падставе двухбаковых пагадненняў.
-   .
Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца.Фота: Shutterstock/Alexandros Michailidis

Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца заявіў, што некаторыя краіны Еўразасюза і НАТА разглядаюць магчымасць накіраваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну. Паводле кіраўніка славацкага ўраду, гэта вынікае з матэрыялаў, якія дзяржаўныя лідары атрымалі перад канферэнцыяй у Парыжы, прысвечанай дапамозе Украіне.

Роберт Фіца патлумачыў, што гаворка ідзе пра магчымую адпраўку войскаў на падставе двухбаковых пагадненняў, якія краіны-сябры заключаць з Украінай. Якія задачы замежныя вайскоўцы будуць выконваць ва Украіне, ён не паведаміў.

- Мы не можам перашкодзіць асобным краінам Еўрасаюза і НАТА заключаць такія пагадненні. Аднак гэта не дасягне чаканай мэты ціску на расійскую адміністрацыю і саступак. Наадварот, на наш погляд, такое рашэнне прывядзе да велізарнай эскалацыі напружання.

Перад пачаткам канферэнцыі ў Парыжы кіраўнік славацкага ўраду склікаў пасяджэнне Рады бяспекі, пасля чаго запэўніў, што Славакія не будзе накіроўваць вайскоўцаў ва Украіну. Ён паўтарыў, што, на яго думку, вайна ва Украіне не мае ваеннага рашэння. Ён заявіў, што яго ўрад захавае грамадзянскую і гуманітарную дапамогу Кіеву.

IAR/нг