Беларуская Служба

Арменія зацікаўленая ў паглыбленні супрацоўніцтва з НАТА - прэм'ер-міністр краіны

19.03.2024 19:03
«Спадзяюся на хуткае прыняцце індывідуальнай праграмы партнёрства Арменіі з НАТА».
  ()
Енс Столтэнберг (злева) і Нікол Пашынян PAP/EPA/ARMENIAN PRIME MINISTER'S OFFICE HANDOUT

Арменія зацікаўленая ў паглыбленні супрацоўніцтва з НАТА, заявіў прэм'ер-міністр краіны Нікол Пашынян у аўторак, 19 сакавіка, у Ерэване пасля сустрэчы з генеральным сакратаром Паўночнаатлантычнага альянсу Енсам Столтэнбергам.

«Спадзяюся на хуткае прыняцце індывідуальнай праграмы партнёрства Арменіі з НАТА», – сказаў Пашынян.

Столтэнберг упершыню наведаў Арменію за час свайго знаходжання на пасадзе кіраўніка пакту з 2014 года.

Кіраўнік НАТА станоўча ацаніў змены ў знешняй палітыцы Арменіі, зазначыўшы «больш незалежныя» дзеянні ўладаў у Ерэване, якія назіраюцца на працягу нейкага часу, у прыватнасці, у паглыбленні адносін з ЗША і іншымі заходнімі краінамі.

«Мы падтрымліваем ваш суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць», – сказаў кіраўнік НАТА падчас размовы з прэмʼер-міністрам Пашынянам.

У нядзелю і панядзелак генеральны сакратар НАТА наведаў яшчэ дзве краіны Паўднёвага Каўказу – Азербайджан і Грузію. Візіт у Арменію завяршыў трохдзённую паездку Столтэнберга па рэгіёне.

Арменія спрабуе наладзіць больш цесныя сувязі з Захадам на фоне напружанасці з Расіяй – сваім традыцыйным саюзнікам. У прыватнасці, Ерэван абвінавачвае Маскву ў адсутнасці падтрымкі ў канфрантацыі з Азербайджанам.

Адной з прыкмет пахаладання адносін паміж Ерэванам і Масквой стала адмова Арменіі ў лютым гэтага года ад удзелу ў сустрэчы Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Акрамя таго, у сакавіку гэтага года Арменія папрасіла Маскву спыніць працу расійскіх памежнікаў у аэрапорце Ерэвана.

Нядаўна кіраўнік МЗС Арменіі Арарат Мірзаян заявіў, што ўлады краіны разглядаюць магчымасць падачы заяўкі на членства ў Еўрасаюзе.

вс