Беларуская Служба

Кіраўнік ізраільскай ваеннай выведкі падаў у адстаўку, бо не змог прадухіліць напад ХАМАС

22.04.2024 19:05
Кіраўнік ваеннай разведкі Ізраіля падаў у адстаўку, узяўшы на сябе адказнасць за халатнасць, якая прывяла да нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года.
Aharon Haliva
Aharon Halivaidf.il

Ён першы высокапастаўлены ізраільскі вайсковец, які сышоў у адстаўку з-за нападу на Ізраіль.

Генерал-маёр Аарон Халіва (Aharon Haliva), кіраўнік Упраўлення ваеннай выведкі Арміі Ізраіля, падаў у адстаўку і будзе звольнены, як толькі будзе прызначаны яго пераемнік. Ён служыў у Арміі абароны Ізраіля 38 гадоў.

Рашэнне аб звальненні генерала Халівы было ўзгоднена з начальнікам штаба Арміі абароны Ізраіля генералам Герцы Галеві і зацверджана міністрам абароны Ёавам Галантам.

У сваёй заяве аб адстаўцы генерал Халіва напісаў, што «з уладай ідзе цяжкая адказнасць» і дадаў, што «ўпраўленне выведкі пад маім камандаваннем не справілася са сваёй задачай». «З таго часу кожны дзень, кожную ноч я насіў у сабе гэты чорны дзень і вечна буду насіць у сабе страшны боль вайны», — падкрэсліў вайсковец.

Аарон Халіва заявіў, што падтрымлівае стварэнне следчай камісіі, «каб яна мела магчымасць правесці дакладнае, дбайнае, усебаковае і дакладнае расследаванне ўсіх фактараў і абставінаў, якія прывялі да гэтых сур'ёзных падзей».

Акрамя генерала Халівы, іншыя вышэйшыя чыноўнікі абароны заяўлялі, што нясуць адказнасць за ўварванне ХАМАС 7 кастрычніка. Да іх адносяцца: кіраўнік агенцтва бяспекі і начальнік штаба Арміі абароны Ізраіля. Ніхто з іх пакуль не абвясціў аб намерах сысці ў адстаўку, хаця чакаецца, што многія зробяць гэта пасля стабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне.

7 кастрычніка баевікі ХАМАС ўвайшлі ў Ізраіль, забіўшы амаль 1200 чалавек і выкраўшы 253 закладнікаў, некаторыя з якіх дагэтуль знаходзяцца ў палоне. У адказ Ізраіль пачаў наземную аперацыю ў Сектары Газа, якая працягваецца дагэтуль, што прывяло да пачатку гуманітарнага крызісу ў рэгіёне.

30 сакавіка ААН паведаміла аб рызыцы голаду сярод жыхароў Сектара Газа.  З пачатку вайны ў сектары Газа загінулі больш за 34 тысячы палестынцаў, большасць з якіх жанчыны і дзеці, больш за 75,8 тысячы атрымалі раненні, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Палестыны. ААН папярэджвае, што з пачатку вайны ў Сектары Газа таксама загінулі больш за 200 супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый. Ізраіль сцвярджае, што яго дзеянні накіраваны супраць тэрарыстаў, а не супраць мірнага насельніцтва.

У сярэдзіне сакавіка Армія абароны Ізраіля паведаміла, што з 7 кастрычніка мінулага года ізраільская армія знішчыла прыкладна 12 тысяч чальцоў ХАМАС. Паводле звестак Associated Press, у сектары Газа больш за 1 мільён 700 тысяч палестынцаў вымушаныя былі пакінуць свае дамы,  больш за мільён знаходзяцца пад пагрозай голаду.

У Ізраілі загінулі больш за 1200 мірных жыхароў і больш за 580 вайскоўцаў, больш за 4800 мірных жыхароў і больш за 1500 вайскоўцаў атрымалі раненні. Ёсць таксама ахвяры канфлікту на Заходнім беразе ракі Ярдан і ў Ліване.

IAR/вх